У Нагорным Карабаху затрымалі адразу трох былых прэзідэнтаў
Былыя кіраўнікі трапілі за краты
У Нагорным Карабаху затрымалі адразу трох былых прэзідэнтаў гэтай непрызнанай рэспублікі. Затрыманне правялі супрацоўнікі Службы дзяржбяспекі Азербайджана. Як паведамляе apa.az, у Баку прывезлі Аркадзя Гукасяна (быў прэзідэнтам у 1997-2007 гадах), Бако Саакяна (2007-2020) і Араіка Аруцюняна (2020 — 1 верасня 2023-га). Затрыманы і былы спікер парламента Нагорнага Карабаху Давід Ішханян (затрыманні кіраўнікоў самаабвешчанай рэспублікі праходзілі і раней). Азербайджанскія ўлады называюць іх фігурантамі крымінальных спраў і заяўляюць пра "злачынныя дзеянні".
Азербайджан распачаў "антытэрарыстычную аперацыю" ў Нагорным Карабаху 19 верасня, а ўжо на наступны дзень улады самаабвешчанай рэспублікі пайшлі на перамовы, а пасля і на капітуляцыю. Не маючы падтрымкі Арменіі, яны не маглі супраціўляцца пераважаючым сілам азербайджанскай арміі. З Нагорнага Карабаху ў Арменію выехала амаль усё армянскае насельніцтва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.