У Першамайскім РУУС Мінска вучацца абараняцца ад “зялёных чалавечкаў”? Фота
2 красавіка ў міліцэйскім упраўленні адпрацоўвалі “план абароны”. Наведвальнікаў не пускалі. Ля агароджы дзяжурылі ўзброеныя байцы ў бронекамізэльках.
Пакуль у Мінску святкавалі так званы Дзень яднання Беларусі і Расіі, у Першамайскім РУУС сталіцы вучыліся абараняцца ад патэнцыйных нападнікаў.
Прыкладна год таму сепаратысты на Усходзе Украіны пры падтрымцы “зялёных чалавекаў” (спецназаўцаў з Расіі) пачалі захоп тэрыторый менавіта са штурмаў міліцэйскіх аддзелаў. Відаць, у Беларусі з тых падзей зрабілі належныя высновы.
Мінчукі, якім прызначылі 2 красавіка з’явіцца ў Дзяржаўтаінспекцыю Першамайскага раёна на разбор парушэнняў, трапіць у памяшканне РУУС не змаглі. Ля ўваходных брамаў іх разварочвалі назад байцы ўнутраных войскаў, з пісталетамі, гумовымі дручкамі, у шлемах і бронекамізэльках.
—А колькі гэта будзе цягнуцца? — цікавімся ў байцоў.
—Сказаць шчыра, мы не ведаем. Можа быць, гадзіну, можа, паўтары.
Байцы даюць зразумець, што яшчэ раніцай не ведалі пра гэтыя вучэнні.
—Упершыню з такім сутыкаемся. Што адбываецца?
—Адпрацоўваецца план абароны аддзела.
Супрацоўнікі РУУС, якія ўваходзілі на тэрыторыю пры прад’яўленні службовага пасведчання, лішні раз нагадвалі экіпіраваным байцам, каб нікога не пускалі на тэрыторыю.