У Пружаны прывезлі 22-метровую ракету
У Пружаны на Брэстчыне прывезлі 22-метровую ракету. Відэа яе перамяшчэння па горадзе адзін з гараджан размясціў у фэйсбуку.
У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Пружанскага райвыканкама журналістам сайта Naviny.by распавялі, што ракета — музейны экспанат. Яе паставяць у скверы імя Сцяпана Гудзімава. Даўжыня ракеты — 22 метры, вага — да 5 тон.
Начальнік аддзела Аляксандр Глушко паведаміў, што прывезены экспанат — толькі корпус ракеты, усярэдзіне няма ні аднаго агрэгата. Ракету паставяць у гарызантальным становішчы. Ініцыятарамі яе ўсталявання сталі ветэраны: яны папрасілі ўвекавечыць памяць пра тое, што з 1961 па 1994 гады на тэрыторыі Пружанскага раёна размяшчаліся ракетныя войскі.
Дарэчы, каля мемарыяла лётчыку Гудзімаву ў Пружанах апошнім часам ствараецца сквер вайсковай славы. У ім ужо з'явіліся былыя баявыя машыны — палкавая гармата і БТР, дыверсійная машына, верталёт Мі-24 і самалёт Су-25.