У Расіі расследаванне “справы Насты Рыбкі” ўнеслі ў рэестр забароненых сайтаў
У Расіі ўнеслі ў рэестр забароненых сайтаў старонку на сайце апазіцыянера Аляксея Навальнага з расследаваннем “справы Насты Рыбкі”. Расследаванне тычыцца бізнэсмена Алега Дэрыпаскі і віцэ-прэм’ера Сяргея Прыходзькі, якія адпачывалі ў Нарвегіі разам з дзяўчынай на імя Наста Рыбка. Дзяўчына прыкладна два гады таму перабралася з Бабруйска ў Маскву і нібыта працавала ў сферы эскорт-паслугаў.
Апроч старонкі на сайце Навальнага, забароненая таксама і старонка на Юцюбе з ролікам, у якім фігуруе Наста Рыбка.
Як піша meduza.io, падставай для ўнясення старонак у чорны спіс было рашэнне Усць-Лабінскага раённага суда Краснадарскага края Расіі. Роскамнагляд са спасылкай на гэтае рашэнне патрабаваў ад рэдакцыяў некаторых расійскіх СМІ выдаліць фотаздымкі з расследавання.
8 лютага Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне пра тое, што бізнэсмен Алег Дэрыпаска адпачываў на яхце ў кампаніі віцэ-прэм’ера Прыходзькі і дзяўчыны з эскорт-паслугаў. На думку Навальнага, гэтую паездку можна лічыць хабарам віцэ-прэм’еру. Навальны мяркуе, што выкрыў карупцыйныя схемы Крамля. Дзяўчына тым часам распавяла ў роліку, што на яхце яе згвалтавалі.