У Судане чарговы пераварот: што ад гэтага ўладам Беларусі?
Як адаб'ецца чарговы пераварот у Судане на беларускіх інтарэсах — пастаўках зброі і золатаздабычы.
У Судане другі раз за два гады адбыўся вайсковы пераварот. Гэтым разам вайскоўцы арыштавалі сябраў пераходнага ўрада, які быў сфармаваны пасля вайсковага перавароту ў 2019 годзе. Затрыманы прэм'ер-міністр Судана Абдала Хамдук.
Усяго месяц таму ўжо былыя ўлады Судана заявілі, што прадухілілі спробу дзяржаўнага перавароту "прыхільнікамі зрынутага больш за два гады таму прэзідэнта Амара аль-Башыра".
Рэч у тым, што са жніўня 2019 года Суданам кіруе пераходная вайскова-цывільная адміністрацыя, якая прыйшла да ўлады скінуўшы былога прэзідэнта краіны Амара аль-Башыра, даўняга сябра Аляксандра Лукашэнкі.
Еўрарадыё вырашыла паглядзець, ці паўплывае неяк чарговы пераварот на беларускія інтарэсы ў Судане.
Экспарт
Афіцыйна Беларусь пастаўляе ў Судан сельскагаспадарчую і аўтамабільную тэхніку. Пры гэтым экспарт перыядычна рос "выбуховымі" тэмпамі.
Так, калі ў 2006 годзе ўсяго было экспартавана ў Судан прадуктаў на 2,5 мільёна долараў, то ўжо да 2008 года гэтая сума дасягнула амаль 37 мільёнаў. А ў 2013-м і зусім паставіла рэкорд за ўсю даступную гісторыю гандлёвых адносін дзвюх краін — 70 мільёнаў долараў. Калі глядзець публікаваныя пазіцыі, то пастаянныя пастаўкі туды ахоплівалі толькі трактары, астатнія пазіцыі эпізадычныя.
Аднак большая частка экспарту праходзіць па "закрытых пазіцыях", да якіх адносяцца каштоўныя металы, тытунь, авіяцыйная тэхніка і ўзбраенне. Так, у 2013 годзе ў Судан было пастаўлена прадукцыі па закрытых пазіцыях на 50 мільёнаў долараў.
Але з 2017 года экспарт стаў рэзка падаць, і толькі аднойчы ў 2019 годзе дасягнуў амаль 27 мільёнаў, з якіх 21 мільён быў па закрытых пазіцыях. Тады ж у Судане адбыўся вайсковы пераварот, кіраўнік краіны Амар аль-Башыр быў арыштаваны. З тых часоў экспарт пайшоў на змяншэнне, дасягнуўшы ў 2020 годзе толькі 9,5 мільёна, з якіх па закрытых пазіцыях было толькі на 250 тысяч долараў.
Зброя для старога сябра
Можна смела сцвярджаць, што немалую частку з закрытага экспарту ў Судан складае зброя. Беларусь і Судан маюць велізарны досвед у супольным ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве.
З 1996 года Беларусь пастаўляе ў Судан значныя аб'ёмы ўзбраенняў нягледзячы на міжнародныя санкцыі. Па звестках Стакгольмскага інстытута даследаванняў праблем свету (SIPRI), толькі ў перыяд з 2013 да 2015 года беларускія пастаўкі зброі ў Судан склалі каля 113 млн долараў.
У 2015 годзе ў Судане была зарэгістраваная супольная суданска-беларуская кампанія S&B Aviation company Ltd, якая спецыялізуецца на тэхнічным абслугоўванні, рамонце і мадэрнізацыі самалётаў і верталётаў, навучанні і падрыхтоўцы лётных экіпажаў і інжынераў.
Золатаздабыча
Тэма здабычы беларускімі кампаніямі золата ў Судане закраналася ў часе візіту Амара аль-Башыра ў Мінск у 2018 годзе. Тады стала вядома, што здабычай будзе займацца кампанія Sohra Mining беларускага бізнесмена Аляксандра Зайцава.
"З мэтай паляпшэння ўзаемных разлікаў у гандлі мы дамовіліся, што беларускія кампаніі будуць здабываць золата на вашай тэрыторыі, вашы нетры вельмі багатыя на гэты метал. Я вам удзячны за тое, што вы прынялі рашэнне пра вылучэнне нам другога радовішча па здабычы золата", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Амарам аль-Башырам.
Як і ў выпадку з Зімбабвэ, тут дазволы на здабычу "прабіваліся" на самым вышэйшым узроўні. Так, у пачатку 2017 года Sohra Mining разведала адзін з вылучаных участкаў для здабычы золата, але ён аказаўся бесперспектыўны.
У 2018 годзе стала вядома, што кампаніі вылучылі яшчэ адзін участак, які пачалі даследаваць беларускія спецыялісты. Ішлі перамовы пра даследаванне яшчэ аднаго ўчастка бліжэй да Ніла.
Аднак пераварот у 2019 годзе, мабыць, паставіў крыж на золатаздабычы ў Судане. З таго часу ніякай інфармацыі пра праект не з'яўлялася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.