У сусветнай практыцы адказнасць за платны доступ да інфармацыі нясуць падпісчыкі

У сусветнай практыцы адказнасць за платны доступ да інфармацыі нясуць падпісчыкі

Усё пра "Справу БелТА"

 

У сусветнай практыцы інфармацыйныя агенствы дамаўляюцца з падпісчыкамі, што менавіта яны нясуць адказнасць за захаванне сваіх пароляў і за тое, каб ніхто не распаўсюджваў інфармацыю далей. Пра гэта Еўрарадыё распавядае медыяаналітык Марыя Садоўская-Камлач.

“Калі Reuters ці AFP заключаюць дамову з медыя і даюць яму паролі, то гэта адказнасць медыя, каб паролямі не скарыстаўся нехта іншы. У дамове медыя бярэ на сябе адказнасць, у выпадку калі нехта матэрыяламі скарыстаўся, зрабіць усё магчымае, каб гэтыя матэрыялы зніклі з [трэціх] сайтаў”.

Калі падпісчык не можа сам вырашыць праблему, тады пачынаецца судовы пераслед. Але звычайна ўсё вырашаецца згодна з дамовай на падпіску на інфармацыйныя паслугі.

7 жніўня стала вядома пра крымінальную справу, ініцыяваную беларускім інфармагенцтвам БелТА праз тое, што нехта меў несанкцыянаваны доступ да яго платнай падпіскі. У межах справы праходзяць ператрусы ў рэдакцыях TUT.by і БелаПАН. Затрыманая галоўны рэдактар TUT.by Марына Золатава і іншыя супрацоўнікі выданняў.

Гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч паведаміла Еўрарадыё, што кліенты агенцтва мелі праблемы з аўтарызацыяй. Гэта адбывалася праз тое, што іхнімі паролямі карыстаўся нехта іншы. Каб вырашыць праблему, Акуловіч звярнулася ў міліцыю.

Гендырэктарка БелТА распавядае Еўрарадыё, што паролі перыядычна змяняліся. “Калі ёсць пароль, нават калі ён змяняецца, выкарыстоўваеце вы першы пароль ці другі — ад гэтага змяняецца сутнасць рэчаў?” — кажа яна.

Фактычна гэта азначае, што злачынцы нейкім чынам увесь час даведваліся новыя паролі БелТА. Дзіўна, што арганізацыя, чыі паролямі карысталіся такім чынам. не правялі унутранага раследвання, каб зразумець, хто з супрацоўнікаў ці кліентаў дзяліўся паролямі для несанкцыянаванага доступа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі