У Тураве адбываецца фэст "Свята птушак"

Фэстам "Свята птушак" адзначанае 1 траўня ў Тураве (Жыткавіцкі раён Гомельшчыны). Мерапрыемства зладзілі грамадскае аб'яднанне "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) і гарадскі савет Турава. Як паведамляе БелаПАН, мэта фэсту — прыцягнуць увагу мясцовых жыхароў да праблем птушак, спрыяць разуменню таго, што Тураў з'яўляецца не толькі гістарычным, але і арніталагічным цэнтрам краіны.

Тураўскі луг — адно з найболей важных месцаў гнездавання і прыпынкі падчас міграцыі водна-балотных птушак. Тут таксама размешчана самае вялікае селішча занесенага ў Чырвоную Кнігу куліка-марадункі. Акрамя таго, сотні тысяч птушак спыняюцца на лузе падчас вяснова-восеньскіх пралётаў.

Цэнтральная падзея фэсту — адкрыццё помніка куліку-марадунцы, створанага скульптарам Дзмітрыем Урублеўскім. Каля помніка размешчаная фотавыстава пераможцаў чэмпіянату па фотапаляванні, а таксама інфармацыйныя стэнды з выявамі птушак Тураўскага луга.

У аб'яднанні "Ахова птушак Бацькаўшчыны" спадзяюцца, што свята стане штогадовым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі