Украіна атрымала доступ да "чорных скрыняў" самалёта, які разбіўся пад Тэгеранам
Украінскія спецыялісты атрымалі доступ да "чорных скрынак" "Боінга", крушэнне якога адбылося 8 студзеня пад Тэгеранам. Пра гэта на бруфінгу 10 студзеня паведаміў міністр замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка, перадае hromadske.
Па словах дыпламата, на месцы авіякатастрофы працуюць 50 прадстаўнікоў Украіны. Яны спрабуюць аднавіць самалёт, каб зразумець, што адбылося. Ім дадзены доступ не толькі да дэталяў самалёта, але і да бартавых самапісцаў. Бліжэйшым часам эксперты пачнуць рэканструкцыю перамоваў.
"Мы не адхіляем ні адной з версій і не шукаем больш дыпламатычнага шляху. Наша галоўная задача — дакладна высветліць прычыны трагедыі", — падкрэсліў Прыстайка.
Для расследавання прычынаў авіякатастрофы можа быць створаная міжнародная кааліцыя. Пра гэта ўкраінскі міністр будзе размаўляць са сваімі калегамі з іншых краін. У прыватнасці, у кааліцыю могуць увайсці Boeing і французскі вытворца авіяцыйных рухавікоў.
Згадаў Прыстайка і відэа авіякатастрофы, якія распаўсюджваюцца ў інтэрнэце. Па яго словах, следчыя павінны вызначыць, хто іх зняў, адкуль і калі. Гэтыя дадзеныя будуць прааналізаваныя. Нагадаем, што на адным з відэа нібыта бачна, як у самалёт трапіла зенітная ракета.
Калі следства выявіць, што самалёт быў збіты, Украіна запатрабуе не толькі пакараць вінаватых, але і выплаціць грашовую кампенсацыю. Аднак сёння, на думку Прыстайкі, няма падставаў казаць пра атаку на самалёт альбо ненатуральную катастрофу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.