Украінская армія мае план “Б” на выпадак, калі дамоўленасці будуць сарваныя
Як выконваюцца мінскія дамоўленасці, кажа ўпаўнаважаны прэзідэнта Украіны па мірным урэгуляванні канфлікту на ўсходзе краіны Ірына Герашчанка
Даведка Еўрарадыё: Ірына Герашчанка — дэпутат Вярхоўнай Рады, упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па мірным урэгуляванні канфлікту на ўсходзе краіны.
Еўрарадыё: Якая да вас даходзіць інфармацыя пра цяперашнюю сітуацыю на Данбасе?
Ірына Герашчанка: Інфармацыя ўкраінскага боку цалкам супадае з той, якую штодзень фіксуе маніторынгавая місія АБСЕ. А яна, на жаль, усе гэтыя два дні фіксуе парушэнні рэжыму спынення агню з боку прарасійскіх баевікоў. Для афіцыйнага Кіева такія настроі гэтых банд не сталі навіной — баевікі парушалі рэжым спынення агню і летам, калі яго прэзідэнт Украіны ў аднабаковым парадку аб’явіў, і ў верасні, пасля мінскіх пагадненняў.
Сёння ўсе бакі павінныя выконваць мінскія пагадненні, а ў выпадку іх невыканання павінныя быць вельмі сур’ёзныя наступствы для боку-парушальніка. Абсалютна дзіка выглядаюць заявы баевікоў, што нейкі горад нібыта быў пад іх кантролем і яны маюць права яго абстрэльваць. І гэта сведчыць пра тое, што баевікі вядуць вайну не проста супраць украінскай арміі, а супраць народа Украіны. Бо ад гэтых “Градаў”, іншай сучаснай зброі расійскай вытворчасці ў першую чаргу пакутуе мірнае насельніцтва. Адначасова Украіна вельмі жорстка прытрымліваецца пунктаў мінскіх дамоўленасцяў і найперш — рэжыму спынення агню. У 00 гадзін 15 лютага вярхоўны галоўнакамандуючы даў загад пра спыненне агню, і нашы вайскоўцы, якія знаходзяцца на перадавой, дакладна выконваюць загад і ні на якія правакацыі, на якія іх спрабуюць падштурхнуць, каб сарваць мінскія дамоўленасці, не ідуць. Больш за тое, мы разумеем адказнасць за выкананне мінскіх дамоўленасцяў, мы зацікаўленыя ва ўсталяванні міру. Гаворка ідзе пра жыцці ўкраінцаў, пра нашы тэрыторыі! Дарэчы, хачу падзякаваць вашаму народу за салідарнасць і падтрымку ўкраінскага народа, якую вы дэманструеце.
Еўрарадыё: Паводле паведамленняў прэс-цэнтра АТА, з моманту спынення агню баевікі абстрэльвалі пазіцыі ўкраінскіх войскаў звыш 100 разоў. У такіх умовах ці можна казаць, што мінскія пагадненні пачалі выконвацца?
Ірына Герашчанка: Безумоўна, мы бачым парушэнне мінскіх дамоўленасцяў. Прычым гэта фіксуюць не толькі ўкраінскія сілавікі, але і міжнародная маніторынгавая місія. Больш за тое, мы ведаем, што баевікі не пусцілі місію АБСЕ ў Дэбальцава, што ненармальна. Мы бачым тут некалькі складнікаў. Безумоўна, на тэрыторыі, якую кантралююць баевікі, дзейнічаюць банды, якія часцяком не падпарадкоўваюцца нікому. Другое: карыстаючыся такім пазіцыянаваннем гэтых банд, расійскі бок, які стаіць за прарасійскімі баевікамі і які мае на іх безумоўны ўплыў, не прыкладае высілкаў, каб іх спыніць. І нас непакоіць, што ўжо пасля абвяшчэння рэжыму спынення агню ва Украіну зайшоў без адпаведнага мытнага і памежнага дагляду так званы гуманітарны канвой негуманітарнага характару. А мы маем вопыт таго, што пасля прыходу кожнага такога канвою павялічваецца абстрэл украінскай тэрыторыі. Мабыць, таму, што ў кожным такі канвоі завозіцца новае ўзбраенне і снарады да яго?
Тым не менш Украіна не вядзецца на правакацыі: гінуць нашы людзі, у нас адкусваюць нашы тэрыторыі, і таму мы як ніхто зацікаўленыя ў тым, каб мінскія дамоўленасці выконваліся не на паперы, а на практыцы. Таму мы вельмі жорстка прытрымліваемся рэжыму спынення агню. У той жа час украінская армія мае план “Б” на выпадак, калі дамоўленасці будуць сарваныя. Але гэты план не будзе ўключаны, калі мінскія дамоўленасці будуць выконвацца. І мы апелюем да ўсяго свету з тым, каб маніторыць тое, як выконваюцца мінскія дамоўленасці і іх першы, галоўны, пункт аб спыненні агню. А ў выпадку, калі будуць сарваныя гэтыя дамоўленасці, тыя, хто гэта сабе дазволіць, павінныя быць пакараныя. Таму сёння Еўрасаюз абвясціў пра ўзмацненне санкцый супраць пэўных фізічных асоб, якія падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны. І санкцыі гэтыя павінныя працаваць, пакуль не будуць выкананыя цалкам мінскія пагадненні. А як інакш? Украіна не дазволіла сабе ні на крок выйсці на чужую тэрыторыю, не выказала агрэсіі супраць іншых краін. З боку ж іншай краіны мы бачым у дачыненні да Украіны не проста агрэсію, а цынічнае парушэнне ўсіх нормаў міжнароднага права і пасляваеннай сістэмы бяспекі. Гэта вельмі небяспечна, і ў такой сітуацыі і іншыя краіны постсавецкай прасторы, тая ж Беларусь, не могуць адчуваць сябе ў бяспецы. Калі яны бачаць, як парушаецца суверэнітэт Украіны толькі таму, што яна пажадала самастойна вызначаць сваю замежную палітыку.
Еўрарадыё: Ці можна ў такім выпадку казаць, што выкананне другога пункту мінскіх дамоўленасцяў можа распачацца як запланавана — з заўтрашняга дня?
Ірына Герашчанка: Я не вайсковец і не магу даваць каментар па тых пытаннях, дзе не я прымаю рашэнняў. Але ў мінскіх пагадненнях ёсць не толькі канкрэтныя пункты, але і тэрміны іх выканання. Калі рэжым спынення агню павінен пачаць дзейнічаць з 00 гадзін 15 лютага, то гэта павінна выконвацца, калі цягам 19 дзён павінны быць вызваленыя закладнікі і палітычныя палонныя, ваеннапалонныя, то гэта павінна адбыцца. І там не павінна быць выключэнняў. Калі нехта расказвае, што гэтага мы вызвалім, а Надзю Саўчанка закатуем да смерці, то такога не можа быць. Гэтак жа павінныя выконвацца ўсе астатнія пункты мінскага пратаколу. Але для пачатку вельмі дакладна і жорстка павінен выконвацца рэжым спынення агню.
Еўрарадыё: Сярод вашых задач як упаўнаважанага прэзідэнта — “дасягненне грамадзянскай згоды”. Вы лічыце, што магчыма дасягнуць гэтай згоды паміж усходам і астатняй часткай Украіны пасля ўсяго, што адбылося на Данбасе?
Ірына Герашчанка: Гэта нашы грамадзяне, і іх нельга “прыняць альбо не прыняць назад” — яны знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі. Расійская прапаганда сур’ёзна працавала над тым, каб утварыць раскол сярод грамадзян Украіны. Але гэта ім не ўдалося. Тыдзень таму ўкраінскай уладзе разам з місіяй АБСЕ ўдалася стварыць гуманітарны калідор, каб вывезці людзей з населеных пунктаў, якія абстрэльваліся з боку баевікоў, — Дэбальцава, Вуглягорска. Туды прыехалі аўтобусы з Украіны і з так званай ДНР. Ва ўкраінскія аўтобусы села 760 чалавек і толькі 30 — у аўтобусы той ДНР. Гэта і ёсць рэферэндум, сведчанне таго, з якім бокам сябе ідэнтыфікуюць гэтыя людзі. Людзі выдатна бачыць небяспеку “рускага свету”, які нясуць сюды баевікі, узброеныя расійскімі “Градамі”. Безумоўна, украінскі бок чакае сур’ёзны дыялог. Тым не менш большасць людзей на Данбасе разумее, хто кінуў гэтую запалку і за якія грошы яна была набытая.
Фота: kvedomosti.com