"Сказалі, дурняў і ў нас хапае, забудзься пра Беларусь і Расію"

Ці масава ставілі ўкраінскім футбольным фанатам штампы “Уезд забаронены” на беларускай мяжы? Нагадаем, што такая інфармацыя разышлася па інтэрнэце напярэдадні футбольнага матчу нашых з жоўта-блакітнымі.

Цягам дзвюх гадзін знаходзім як мінімум пецярых чалавек, якія не змаглі трапіць у нашу краіну на футбол. Адзін з іх ― супрацоўнік кіеўскага стадыёна “Алімпійскі” па імені Аляксандр. Мужчына некалі быў футбольным фанатам. Аднойчы міліцыя ўзяла ў яго нават адбіткі пальцаў. Але з 2009 года, паводле прафесійнай этыкі, актыўна ён сябе не праяўляў.

“4-га кастрычніка разам з жонкай перасякалі украінска-беларускую мяжу. Шлюб мы ўзялі нядаўна. Ехалі да сябра ў Віцебск, хацелі павандраваць па Беларусі і таксама наведаць матч Украіна-Беларусь, ― апавядае Аляксандр. ― Першай пашпарт дала жонка. І сказалі: “Мы не можам вас прапусціць на тэрыторыю Беларусі”. У выніку ў нас забралі міграцыйныя карты, але штампаў у пашпарты не паставілі. Пытаемся, чаму нас не пускаюць. Сказалі, што не ведаюць і параілі зайсці на сайт расійскай міграцыйнай службы. Пасля пачалі высвятляць, што да чаго. Нам паведамілі, што прычын, каб нас не пускалі, няма…”

“Што я ведаю, з мікрааўтобуса знялі двух. Прытым, у абаіх былі праблемы з праваахоўнымі органамі ў 2008 годзе, калі быў матч у Ахтырцы “Дынама-Кіеў”—“Няфцянік”. Тады здарылася вялікая бойка. Яны тады абодва трапілі ў міліцыю, ― дзеліцца інфармацыяй прадстаўнік украінскіх ультрас Аляксей, які на матч сваёй зборнай выехаць не змог. ― На мяжы іх высадзілі, а ўсе іншыя паехалі далей у Беларусь. Ведаю яшчэ адну гісторыю ад іншага свайго таварыша. Ехалі на машыне, іх было пяць чалавек. Яго аднаго з той машыны знялі, але штамп не паставілі. Проста не пусцілі ў Беларусь. У таго чалавека таксама былі праблемы з міліцыяй ва Украіне, і ён перахоўваўся ў Расіі. Год таму вярнуўся. І хоць праблемы былі з міліцыяй украінскай, уезд забаранілі беларусы”.

Еўрарадыё удалося расшукаць і львоўскага футбольнага фаната Андрэя, які першым выставіў у сеціва фотаздымак свайго штампа “Уезд забаронены”.

“Гэта здарылася 8-га кастрычніка. На мяжы затрымалі. Сказалі: “Далей у Беларусь вы не едзеце. Дурняў і ў нас хапае”. І сапсавалі мой нацыянальны пашпарт гэтым штампам”, ― абураецца Андрэй.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас здагадкі, чаму вас не прапусцілі?

Андрэй: Можа, не спадабаўся. Можа, з-за Расіі. Нядаўна ехаў аўтастопам у Грузію, праз Расію. На мяжы пратрымалі 16 гадзін. Толькі ўбачылі пашпарт, што я са Львова, і о-о-о! Сказалі, што я тэрарыст і нікуды не еду. Далі забарону на ўезд да Новага года. Тады на мяне нават надзелі кайданкі. Калі адпраўлялі назад, сказалі: “Забудзь пра Расію і Крым”. На беларускай мяжы мне сказалі: “Забудзься пра Беларусь і Расію”. Хоць раней я ў вашай краіне бываў і ўсё было нармальна.

Звязваемся з Дзяржаўным памежным камітэтам Беларусі і цікавімся, ці шмат украінцаў не змаглі трапіць на матч сваёй зборнай.

“За 8-е і 9-е красавіка ўсяго было не прапушчана сем грамадзян Украіны. Ці можна гэту лічбую назваць масавай з’явай? ― разважае Аляксандр Цішчанка, прэс-сакратар ДПК Беларусі. ― У стоп-лістах апынуліся толькі тыя асобы, якія некалі траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў як футбольныя хуліганы альбо парушальнікі заканадаўства. Калі праходзіў чэмпіянат Еўропы ва Украіне і Польшчы, там таксама не прапускалі фанатаў, якія засвяціліся ў непрыгожых сітуацыях. І гэта лічылася нармальным. Тое, што ў нас не прапусцілі некалькіх чалавек, значыцца, у наступны раз ім трэба ўлічваць свае паводзіны”.

У дадатак Аляксандр Цішчанка прыводзіць заяву наконт бойкі паміж украінскімі і расійскімі фанатамі ў беларускім лесе. Сапраўды, як паведаміў украінскі сайт segodnya.ua, з боку прадстаўнікоў ультрас былі заявы пра рукапашную бойку 70 на 70 ці 100 на 100.

“Натуральна, любой краінай, любой праваахоўнай сістэмай заўжды прадпрымаліся меры бяспекі, каб спаборніцтвы праходзілі ў спартыўным ракурсе, а не ў хуліганскім”, ― рэзюмуе прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі.

У украінскіх СМІ праходзіла інфармацыя, што ў дзень матчу з праблемамі пераходу мяжы сутыкнуліся і іншыя украінскія фанаты. Але ў выніку іх цэнтралізавана сабралі, прапусцілі і вязуць у Барысаў пад канвоем ДАІ.

Суцешыць пакрыўджаных украінскіх фанатаў, якія на матч не трапілі, можна тым, што калі іх проста не прапускаюць у Беларусь, то некаторых мясцовых “ультрас” садзяць на суткі. Дакладныя маштабы стратаў у шэрагах мясцовых фанатаў пакуль не вядомыя.

Фота podrobnosti.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі