Уладальнікі партала ABW.BY заявілі пра закрыццё праекта
Зачыняецца аўтамабільны партал ABW.BY
Пра закрыццё аўтамабільнага партала ABW.BY заяўляюць уладальнікі праекта.
Інтэрнэт-партал ABW.BY працаваў з 2006 года. Сам калектыў дзейнічае з 1993 года, калі пачала выходзіць газета "Аўтабізнес".
Сёлета ў студзені галоўную рэдактарку ABW.BY Юлію Мудрэўскую асудзілі на 1,5 года калоніі паводле артыкула аб парушэнні грамадскага парадку, а рэдактара спецпраектаў партала Юрыя Гладчука — на 2,5 года калоніі.
Напрыканцы кастрычніка стала вядома пра затрыманне новага галоўнага рэдактара партала Віталя Палякова. Ён не паспеў папрацаваць на новай пасадзе і месяца.
"Зыходзячы з рэзюмэ суіскальніка пасады, пры прыёме на працу мы можам разумець, пасуе ён нам як спецыяліст ці не. Але мы не правяраем яго асабістае жыццё, кола знаёмстваў і перапіскі ў мэсэнджарах, бо не маем для гэтага функцый і паўнамоцтваў, як у МУС, пракуратуры і іншых органаў улады. Усе супрацоўнікі нашай кампаніі ведаюць, што "аўтабізнес" — гэта пра аўта -, мотатэхніку і ўсё, што з імі звязана, але не пра палітыку", — пішуць заснавальнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.