Уладзімір Някляеў пойдзе на прэзідэнцкія выбары — "калі будзе трэба"
Пра гэта лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" паведаміў 4 верасня.
У каментары агенцтву БелаПАН палітык паведаміў: ён не ўпэўнены, што апазіцыя выйдзе на адзінага кандыдата да наступных прэзідэнцкіх выбараў.
Ён адзначыў, што на ўдзельніках наступных прэзідэнцкіх выбараў будзе вельмі вялікая адказнасць. "Калі яны не перамогуць, то ім прыйдзецца значна складаней, чым людзям, якія ўдзельнічалі ў выбарах у 2010 году", — мяркуе Някляеў. Ён патлумачыў гэта тым, што ў 2015 годзе ў краіне значна ўзрасце роля Расіі ў сувязі з падпісаннем дамовы пра Еўразійскі саюз.
Някляеў падкрэсліў, што ў яго няма прынцыповых разыходжанняў з іншымі апазіцыйнымі ініцыятывамі, у прыватнасці са створанай напярэдадні кааліцыяй "За справядлівыя выбары". У яе ўвайшлі Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" і шэраг іншых палітычных структураў.