Урач, якога судзілі за ампутаваную руку дзіцяці: Краіна мяне абараніла

Гэты жахлівы выпадак здарыўся каля года таму. Стас Мушатэнка адпачываў у дзіцячым летніку і паламаў руку ў двух месцах. У аршанскай бальніцы яму наклалі гіпс і адправілі дадому ў аграгарадок Якубава. Рука моцна балела, і маці Стаса шматразова звярталася па дапамогу. Але ні медыкі з “хуткай”, ні хірург дубровенскай бальніцы (туды Стас з мамай прыязджалі тройчы!) не звярнулі ўвагі на скаргі дзіцяці. У выніку праз пяць дзён яго жыццё ратавалі ўжо ў абласной бальніцы. Руку давялося ампутаваць.

Крымінальную справу расследвалі па артыкуле “Неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам”.

Папярэднія слуханні распачаліся ў Віцебскім абласным судзе ў чацвер 13 жніўня. Цягнуліся блізу гадзіны, і ў той жа дзень было вынесенае рашэнне. Крымінальная справа ў дачыненні да хірурга з дубровенскай бальніцы была спыненая ў сувязі з амністыяй.

“Лічу рашэнне суда справядлівым, гэта мінімальная кроў. Краіна і Канстытуцыя мяне абаранілі. Мне 60 гадоў споўнілася 30 жніўня. У мяне 3 група інваліднасці. Якраз я трапляю пад амністыю. Гэта рашэнне мяне задаволіла, іншага выхаду няма. Колькі я ні спрабаваў даказаць сваю правату, нічога зрабіць не змог”, — апавядае Еўрарадыё Юрый Кірычэнка, той самы абвінавачаны хірург.

Медык распавядае, што больш не збіраецца працаваць у медыцыне і з Дуброўна вяртаецца ў родны Кіраўск. Там яго чакаюць чатыры ўнукі.

Бяда, якая здарылася са Стасам, паказала, як шмат хібаў у беларускай сістэме аховы здароўя і якую колькасць памылак могуць нарабіць медыкі ў адным канкрэтным выпадку.

Спачатку з аршанскай бальніцы дзіця пасля складанага пералому насуперак інструкцыям накіравалі дадому ў аграгарадок. Потым медыкі з “хуткай” не звярнулі ўвагі на слёзы дзіцяці і вырашылі, што яго скаргі — гэта нармальная з’ява пры пераломе. Пасля сям’я Мушатэнкаў абівала парогі дубровенскай райбальніцы. Але і там на боль адрэагавалі з усмешкай.

Аднак да адказнасці спрабавалі прыцягнуць толькі аднаго хірурга, Юрыя Кірычэнку.

Версія ўрача, які не здымаў гіпс: “Руку я ўсё адно не ўратаваў бы. Але з-за мяне дзіця маго загінуць”

“Напэўна, таму што там моладзь. Я-та ўжо адпрацаваны варыянт, пенсіянер. 40 гадоў прабыў у хірургіі. Што мяне абараняць? І так, дзякуй богу, што я пад амністыю трапіў. Я задаволены, — з палёгкай уздыхае хірург. — Мы размаўлялі і з маці, і з хлопчыкам. Ён вырас, такі відны хлопчык стаў. У судзе разам былі, побач сядзелі. Нармальныя адносіны. Кампенсацыю яны патрабуюць. Яны, напэўна, яе атрымаюць, раз гэта траўма была. Які працэнт з маёй пенсіі вылічаць — столькі я і буду плаціць. Але тут цяпер, напэўна, разбіраць будуць і двух аршанскіх дактароў, і медсястру, якая накладвала гіпс, і мяне, і фельчара, якая ездзіла да яго ў вёску”.

Мама Стаса: “Дзіцяці сапсавалі жыццё. Нехта ж павінен быць за такое пакараны! А нас нават не чакалі ў судзе”

“Я не згодная, буду пісаць на перасуд, усё паспрабую абскардзіць. Буду біцца да апошняга! Не ведаю, ці будзе з гэтага сэнс, але буду пісаць Лукашэнку. Таксама будзе грамадзянскі іск да дубровенскай і аршанскай бальніц наконт кампенсацыі. Не менш за мільярд, а там, суд няхай вырашае”, — Святлана Мушатэнка, мама пацярпелага Стаса, спрабуе размаўляць цвёрда, але ў выніку пачынае плакаць.

Жанчыну шакіравала і рашэнне суда, і стаўленне да яе ў праваахоўных органах. Святлане Міхайлаўне падалося, што ў судзе яе ўвогуле не чакалі і не адправілі нават канкрэтнай позвы з просьба з’явіцца ў суд.

“Кірычэнка быў на машыне. Ён падышоў да нас і сказаў: “Вас захапіць з сабой?” Вядома, я адмовілася. Пасля гэтага, калі вярталіся дадому на дызелі, дзве гадзіны праплакала з-за ўсёй гэтай несправядлівасці. Не магу супакоіцца і сёння”, — кажа жанчына.

Нагадаем, што на трагічную гісторыю Стаса Мушатэнкі звярнуў увагу і Аляксандр Лукашэнка. Гэта здарылася падчас сустрэчы з міністрам аховы здароўя Жарко. Усе беларускія тэлеканалы паказалі, як кіраўнік дзяржавы эмацыйна патрабаваў навесці парадак і абараніць вось такіх звычайных дзяцей з вёсак. Міністр з паслужлівым выглядам ківаў галавой.

Падчас следства па факце выпадку Стаса Мушатэнкі Еўрарадыё даведалася і пра тое, што медык працягваў за дваіх працаваць у дубровенскай бальніцы. Замяніць яго папросту не было кім. Заробкі беларускіх медыкаў у параўнанні з большасцю краін свету жабрацкія, ды і не кожны кваліфікаваны урач прагне ехаць у райцэнтр, каб ладзіць сваю кар’еру. А колькі месяцаў таму памёр яшчэ адзін лекар з дубровенскай бальніцы, які выконваў абавязкі хірурга.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі