Ва Украіне канстатуюць, што абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі стала менш
Пуск ракет з тэрыторыі Беларусі падчас вучэнняў / Раміль Насібулін
Беларуская тэрыторыя і вайсковая інфраструктура цяпер выкарыстоўваюцца для агрэсіі супраць Украіны значна менш, чым раней. "Авіяцыя ўжо даўно не дзейнічае, ракетамі практычна не страляюць. Ну пара эпізадычных пускаў была.
А яшчэ беларускія партызаны ўмудрыліся сапсаваць чыгуначную сетку. Я іх да гэтага заклікаў, і на мяне ў Беларусі завялі крымінальную справу за тэрарызм. Але, як бачыце, не дарма заклікаў. Рэальна сапсавалі, і рэальна вельмі моцна ўскладнілі жыццё расійскім войскам", — распавядае саветнік кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч у інтэрв'ю "Медузе".
"Аэрадромы, базы забеспячэння, чыгуначная сетка — поўнасцю выкарыстоўваліся супраць нас. Адтуль пускалі ракеты, лётала авіяцыя, наступалі войскі. Гэта па вызначэнні з'яўляецца ваеннай агрэсіяй, — дадае ён. — Але мы спецыяльна не ставілі гэтае пытанне, таму што мы разумеем саму Беларусь. і выразна аддзяляем беларускі народ ад беларускіх уладаў".
Дарадца Зяленскага таксама кажа, што Украіна бачыла, што беларускі народ супраць вайны. У адрозненне ад Лукашэнкі, які, хаця і паўтарае ўвесь час пра мір, аддаў тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну. “Па нашых дадзеных, Лукашэнка актыўна вядзе сепаратныя перамовы з Захадам. Нам і беларуская апазіцыя пра гэта кажа, і заходняя разведка. Яны гавораць без падрабязнасцяў, але агульны характар: «Я не вінаваты, ён [Пуцін. — Еўрарадыё] сам да мяне прыйшоў»", — кажа Арастовіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.