Ва Украіне заявілі, што беларускі памежнік збег, каб ваяваць супраць Расіі
У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны заяўляюць, што гісторыя з нелегальным пераходам мяжы беларускім памежнікам праўдзівая. Затрыманы мужчына патлумачыў свой учынак жаданнем далучыцца да ўкраінскіх абаронцаў ад расійскай агрэсіі. Паводле яго слоў, мяжу ён спрабаваў перайсці з аднадумцам (ён памежнікам не быў). Але ў памежжы на беларускім баку іх выявілі і са стральбой пераследавалі. У выніку лёс іншага беларуса невядомы, ва Украіну ён не перайшоў. Украінскі бок правярае агучаную інфармацыю (у яго не было дакументаў). Пасля гэтага будзе прынятае рашэнне пра лёс беларуса.
Пра гэтае здарэнне, якое адбылося 29 чэрвеня, стала вядома напярэдадні з судовага рашэння. Беларуса судзілі за адміністрацыйнае правапарушэнне (за незаконнае перасячэнне мяжы па-за пунктам пропуску), ён атрымаў двое сутак арышту і штраф. У дакуменце адзначалася, што парушальнік служыў старшыной у Брэсцкай памежнай групе. Мяжу ён перайшоў у раёне Шацкай грамады ў Ковельскім раёне Валынскай вобласці.
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў у аўторак, што "ні адзін беларускі памежнік мяжу ва Украіну не перасякаў". Таму паведамленне пра перабежчыка назваў непраўдзівым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.