Віцэ-канцлер Германіі выступіў за федэралізацыю Украіны
На думку Зігмара Габрыэля, гэта “адзіны шлях для пераадолення крызісу”.
Захаваць тэрытарыяльную цэласнасць краіны атрымаецца толькі з улікам інтарэсаў рэгіёнаў з большасцю рускамоўнага насельніцтва, лічыць нямецкі віцэ-канцлер. Таксама ён амаль не бачыць шансаў на вяртанне Крыма ў склад Украіны.
Такія думкі палітык выказаў у інтэрв’ю нямецкай газеце Welt am Sonntag, перадае Цензор.НЕТ. Габрыэль мяркуе, што разумная канцэпцыя федэралізацыі — адзіны зручны шлях для пераадолення ўкраінскага крызісу.
Аднак, перш за ўсё, дадаў ён, неабходна дамовіцца аб спыненні агню. Мэта намаганняў, якія робіць Германія, — пры любых абставінах пазбегнуць непасрэднай ваеннай канфрантацыі паміж Украінай і Расіяй. Апроч таго, сказаў Габрыэль, удо цяпер варта падумаць, як спрыяць працэсу прымірэння пасля завяршэння ўзброенага супрацьстаяння на ўсходзе Украіны.
Разам з тым нямецкі палітык амаль не бачыць ніякіх шансаў на вяртанне Крыма ў склад Украіны. “Цяпер, бадай што, ніхто не кажа пра тое, што анексію Крыма Расіяй можна хутка адмяніць”, — заявіў нямецкі віцэ-канцлер.
Нагадаем, сёння канцлер Германіі Ангела Меркель знаходзіцца ў Кіеве з аднадзённым рабочым візітам. Яна ўжо правяла сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.