“Вылучэнне беларускі Купчыной генсакратаром АБСЕ — пытанне прэстыжу краіны”
Беларусь вылучыла свайго прадстаўніка пры АБСЕ Алену Купчыну на пасаду генсакратара гэтай арганізацыі. Робіцца гэта з адзінай мэтай: як мага шырэй пазіцыянаваць Беларусь у свеце як краіну — гаранта стабільнасці ў нашым рэгіёне. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё кажа палітолаг, кіраўнік “Ліберальнага клуба” Яўген Прэйгерман.
“Гэта ўсё пытанні прэстыжу краіны і падвышэння пазнавальнасці краіны. І нават выбудоўванне пэўных знешнепалітычных пазіцыянаванняў: Беларусь пазіцыянуецца ў апошнія гады як рэгіянальная тэрыторыя для перамоваў, як краіна — фактар стабілізацыі сітуацыі. Вось у такой логіцы і гэтае рашэнне аб вылучэнні Купчыной прынятае”, — лічыць Яўген Прэйгерман.
Рашэнне аб вылучэнні Алены Купчыной на пасаду генсакратара беларускія ўлады прымалі самастойна, кажа палітолаг. Але тое, што “кансультацыі” па гэтым пытанні з нашымі замежнымі партнёрамі былі, — таксама бясспрэчна. Асабліва з улікам таго, што галоўным прэтэндэнтам на пасаду генсакратара АБСЕ лічаць вылучэнца ад Чэхіі, былога еўракамісара па пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Штэфана Фюле.
Па словах Прэйгермана, нават калі Алена Купчына будзе генсакратаром АБСЕ, уплываць на вынікі назірання БДІПЧ АБСЕ за беларускімі выбарамі яна не зможа. Пасада гэтая больш палітычна-тэхнічная, а ўсе больш-менш важныя пытанні ў гэтай міжурадавай арганізацыі прымаюцца Саветам прадстаўнікоў краін-удзельніц.