Я не здамся без бою — Фядута расказаў пра сваю медыкаментозную забастоўку ў СІЗА

Аляксандр Фядута / Еўрарадыё
Аляксандр Фядута / Еўрарадыё

Палітолаг Аляксандр Фядута, якога абвінавачваюць у "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (ч. 1 арт. 357 КК), расказаў пра падрабязнасці сваёй медыкаментознай забастоўкі.

У снежні яго перавялі з "амерыканкі" ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Пры гэтым у яго забралі рукапісы з каментарамі да рамана Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім". Фядута прасіў вярнуць рукапісы і ў знак пратэсту адмовіўся прымаць таблеткі, расказвае "Народная воля". У рэдакцыю нарэшце прыйшоў ліст ад палітолага.   

Праз адмову ад лекаў стан здароўя Фядуты пагоршыўся – абвастрылася падагра, ён не мог перасоўвацца па камеры без старонняй дапамогі. У выніку ён вырашыў спыніць страйк.

"Што тут падзейнічала – лісты жонкі, мая перапіска са святарамі, угаворы сукамернікаў або песня Вакарчука "Я не здамся без бою" – не ведаю, але ў сукупнасці вынік ёсць", – піша Фядута.

Паводле яго слоў, сукамернікі цяпер са здзіўленнем глядзяць "на рознакаляровую жменю таблетак і думаюць: што горш – калі я іх не піў або калі пачаў піць нанова?"

Што тычыцца прадуктыўнасці "страйку", то следчы паабяцаў вярнуць Фядуту рукапісы, калі ён будзе знаёміцца з матэрыяламі справы.

Літаратуразнаўцу і палітолага Аляксандра Фядуту затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Акрамя яго фігурантамі справы аб "змове з мэтай захопу ўлады" таксама з'яўляюцца лідэр Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і юрыст Юрый Зянковіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі