Як беларусы за грошы галасавалі на Еўрабачанні за Азербайджан (відэа)
Літоўскі сайт выкрыў махінацыю, калі студэнтам плацілі грошы, каб яны прагаласавалі за Азербайджан. Еўрарадыё прыгадвае аналагічную гісторыю ў Беларусі.
Адразу пасля завяршэння песеннага конкурсу Еўрабачанне літоўскія журналісты апублікавалі расследаванне, якое зафіксавала спробу фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Напярэдадні тэлефоннага галасавання некалькі чалавек хадзілі па Вільні і набіралі групы са студэнтаў, якім пазней давалі адразу па некалькі тэлефонаў. Літоўцы мусілі галасаваць праз смс за Азербайджан, за што атрымлівалі ўзнагароду – 20 еўра. Гісторыя мае ўсе шанцы перарасці ў скандал. Тым больш, што Азербайджан сёлета ізноў у фаварытах – спевакі з гэтай краіны занялі другое месца (Літва аддала гэтай краіне 12 балаў, Беларусь – 10).
Прапануем табліцу з вынікамі галасавання за спевакоў з Азербайджана ў Беларусі і Літве за апошнія 5 гадоў.
2009 |
2010 |
2011 |
2012 |
2013 |
|
Беларусь |
10 |
6 |
6 |
7 |
10 |
Літва |
5 |
0 |
8 |
12 |
12 |
Літоўскія журналісты не першыя, хто выкрывае падобныя схемы. У 2009 годзе Еўрарадыё выкрыла аналагічную схему ў Беларусі. Тады невядомыя заплацілі беларускім студэнтам, каб яны галасавалі за Азербайджан, ды нават адвезлі на аўтобусах на беларуска-літоўскую мяжу. Паводле падлікаў Еўрарадыё, такая акцыя каштавала каля 20 тысяч долараў.
У розных аўтапарках Мінска на гэты час былі замоўленыя 10 аўтобусаў. У іх змясцілі студэнтаў і павезлі ў бок мяжы, у кірунку Паставаў. На месцы пасажыры аўтобусаў спачатку прагаласавалі з беларускіх “сімак” за прадстаўніка Азербайджана, а потым ім раздалі “сімкі” літоўскія — і яны прагаласавалі яшчэ раз.
Еўрарадыё вырашыла праверыць гэтую інфармацыю. Асабліва з улікам балаў, якія атрымалі азербайджанцы Айсель і Араш з песняй “Always”: ад Беларусі 10 балаў і 5 балаў ад Літвы. У Беларусі Азербайджан нават Расію апярэдзіў! Ды наогул у Айсель і Араша сенсацыйнае трэцяе месца на "Еўрабачанні"! Уявіце сабе — каб не Рыбак, кожны бал ад краіны быў бы вырашальным пры вызначэнні пераможцы конкурсу.
Кіраўнік азербайджанскай дыяспары ў Беларусі, таварыства “Габустан” Націк Багіраў тады расказваў, што нічога не ведае пра такую акцыю.
Націк Багіраў: “Мне б нават цікава было даведацца — хто вам такую інфармацыю даў, што аўтобусы наймалі, ехалі на мяжу. Дыяспара такога не арганізоўвала. Усё, што робіць дыяспара, праводзіцца пры маім непасрэдным кіраўніцтве. Такога не было, каб масава замовілі аўтобусы і ехалі на мяжу. Павінен быў бы замаўляць я. Альбо па маім даручэнні мае намеснікі. Але гэтага не было”.
У сталічных аўтапарках афіцыйна на гэту тэму размаўляць адмовіліся, але неафіцыйна ўсё пацвердзілі. Аўтобусы замаўляліся не ў адным месцы, а па два-тры з некалькіх аўтапаркаў. І ўсе ехалі ў бок Паставаў. Там прастаялі каля 20 хвілін і рушылі ізноў у Мінск.
Кіроўцы паведамілі, што кожнаму з удзельнікаў “еўрааўтапрабегу” арганізатары на іх вачах заплацілі па 100 тысяч рублёў (кошты на 2009 год). Да таго ж арэнда аднаго аўтобуса з Мінска да Пастаў каштуе каля 1 мільёна рублёў (прыкладна, 360 долараў).
Цікава, што кіроўцы прызналіся, што нічога дзіўнага ў гэтым выездзе не бачаць. Згодна з іх словамі, гэтак адбываецца кожнае "Еўрабачанне". Толькі краіны, за якія галасуюць вандроўнікі, кожны год розныя.
Фота: