Як дзяржаўныя СМІ "асвятлілі" затрыманне Сяргея Ціханоўскага
У праграме "Панарама" на Беларусь 1 распавялі пра затрыманне блогера Сяргея Ціханоўскага
Учора ўвечары ў Гродна на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты Святлану Ціханоўскую адбылася правакацыя. Падчас якой быў затрыманы яе муж — блогер Сяргей Ціханоўскі.
Еўрарадыё паглядзела як гэта падзея асвятлялі дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы.
"Беларусь 1" выпусціла сюжэт падчас вячэрніх навінаў "Панарама" а 21:00. Дзіўная аператыўнасць для дзяржаўнага тэлеканала — сюжэт быў падрыхтаваны па гарачых слядах менш чым за дзве гадзіны.
У сюжэце Ціханоўскага не называюць па імені або прозвішчы. Вядучы распавядае пра "аднаго шырокавядомага ў вельмі вузкіх колах зборшчыка подпісаў, які дасабіраўся да сур'ёзнага інцыдэнту". Падобнай палітыкі расійскія джяржСМІ прытрымліваюцца ў дачыненні да апазіцыянера Аляксея Навальнага, крытыка якога дужа не падабаецца кіраўніцтву краіны, — ён там таксама "Той-Каго-Нельга-Называць".
Сайт газеты адміністрацыі прэзідэнта "СБ. Беларусь сегодня" (былая Савецкая Белоруссія) апублікавала а 23:41 навіну з загалоўкам "Бойка на плошчы ў Гродне. Зборшчык подпісаў і некаторыя яго прыхільнікі затрыманыя" (такі ж загаловак і на "Беларусь 1"). Навіна вельмі лаканічная: кароткі лід і спасылка на відэасюжэт ад дзяржаўнага тэлеканала.
Рэгіянальны тэлеканал "Гродна" ніяк не асвятліў тое, што адбылося ў іх горадзе, цалкам праігнараваўшы як у вячэрнім выпуску навін, так і на сайце.
Інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА і рэспубліканская газета "Звязда" таксама праігнаравалі тое, што адбылося ў Гродне. Верагодна яны палічылі гэта нявартым увагі здарэннем.
29 траўня Сяргей Ціханоўскі з камандай прыехаў у Гродна, каб збіраць подпісы за вылучэнне ў прэзідэнты сваёй жонкі Святланы. Пікеты карысталіся вялікай папулярнасцю: чэргі да іх стаялі некалькі гадзін.
У той жа дзень за некалькі гадзін да правакацыі Аляксандр Лукашэнка выступаючы перад рабочымі на МТЗ абазваў блогера "шалудзівым" і намякнуў, што ў яго не беларускае грамадзянства. Там жа ён распавёў гісторыю пра канфлікт паміж Ціханоўскім і міліцыянтам, параіўшы быць больш акуратным з міліцыяй, бо яны "народ карпаратыўны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.