Чаму чыноўнікі вырашаюць, што нам слухаць, а што не? Еўрарадыё паспрабавала задаць гэтыя пытанні першай намесніцы начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Віталіне Рудзікавай.
Еўрарадыё: У нас пытанне наконт забароны канцэртаў у Мінску.
Віталіна Рудзікава: Мы нічога не забараняем.
Еўрарадыё: У апошні час Мінгарвыканкам крытыкуюць за адмову ў гастрольных пасведчаннях вядомым рэп-гуртам. Ці не прасцей змяніць падыход — не адмяняць канцэрты, а паставіць 18+ і на ўваходзе правяраць пашпарты?
Віталіна Рудзікава: Ёсць закон “Аб культуры”, дзе прапісаны парадак правядзення мерапрыемстваў і выпадкаў, калі канцэрты могуць адмяняцца. Ёсць закон “Аб рэкламе”, дзе ўказваюць ўзроставыя абмежаванні.
Еўрарадыё: Усіх чапляе фармулёўка “нізкі мастацкі ўзровень”.
Віталіна Рудзікава: Гэта таксама прадугледжана заканадаўствам. Працуе мастацкі савет. Гэта ўсё запісана ў законе “Аб культуры”. Яго можна адкрываць і глядзець.
На гэтых словах чыноўніца развіталася.