Якія законы спяшаюцца прыняць дэпутаты і што ім перашкаджае
Беларускі парламент / Еўрарадыё
Дэпутаты Ганна Канапацкая і Алена Анісім расказалі Еўрарадыё пра законапраекты, якія хацелі б паспець прыняць падчас восеньскай сесіі — апошняй для гэтага склікання Палаты прадстаўнікоў. Часу засталося няшмат: крыху больш, чым праз месяц, будзе абраны новы парламент.
Законы для прадпрымальнікаў
"У ідэале мне б вельмі хацелася, каб былі прынятыя законы, якія ўплываюць на гаспадарчую дзейнасць, — кажа дэпутат. — Напрыклад, зараз у камісіі разглядаецца законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Беларусі па пытаннях гаспадарчых таварыстваў, але ён вельмі аб'ёмны, таму яго не прымуць".
Дэпутат расказвае, што заўваг і прапаноў, якія паступілі па гэтым законапраекце, шмат, некаторыя з іх супярэчаць адна адной. Камітэт па дзяржкантролі пераследуе свае інтарэсы, юрысты і прадстаўнікі бізнес-супольнасцяў кажуць, што пара б ужо лібералізаваць адносіны, зрабіць дзяржаву роўным партнёрам, а не дамінантам.
"Шмат спрэчак вакол унясення змяненняў і дапаўненняў у Адміністрацыйны кодэкс у частцы рэалізацыі палажэнняў Дэкрэта № 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", — працягвае Ганна Канапацкая. — Дэпутаты кажуць, што, вядома, дэкрэтам прадугледжана адказнасць кіраўніка прадпрыемства за непрыняцце мер па належным функцыянаванні юрыдычнай асобы. Але нельга залішне шырока тлумачыць пералік кіраўнікоў юрыдычнай асобы".
Паводле слоў дэпутата, многія выказваліся супраць гэтага пункта яшчэ на стадыі распрацоўкі дэкрэта. Атрымліваецца, што, з аднаго боку, у Беларусі хочуць дэкрыміналізаваць эканамічныя гаспадарчыя адносіны, а з другога — захаваць адказнасць.
"Мы ў нейкай ступені пазбаўляем кіраўніка права на памылку, — тлумачыць Ганна Канапацкая. — Нават калі гэтая памылка цягне прычыненне шкоды або нявыплату падаткаў. Бізнес — гэта заўсёды дзейнасць на рызыку".
Дэпутат расказвае, што пакуль не адчувае, што ў гэтых пытаннях будуць разбірацца ў найбліжэйшы час.
"Для мяне важна, як зменіцца закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, — працягвае Ганна Канапацкая. — Асабіста я ўносіла прынцыповыя праўкі, якія ў нейкай ступені былі накіраваны на пашырэнне паўнамоцтваў саветаў. З іншага боку — зменшыўся б уплыў мясцовых органаў улады на бізнес. Калі мы гаворым пра тое, што дзяржаўныя органы не маюць права ўмешвацца ў гаспадарчую дзейнасць, значыць, не маюць. І замацоўваць такое права заканадаўча немагчыма".
Паводле слоў дэпутата, Савет Міністраў настойвае на сваім бачанні і рэалізацыі нормаў закона і ў яго ёсць даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. "Тым не менш мы павінны кіравацца нормамі Канстытуцыі", — нагадвае дэпутат.
Ганна Канапацкая кажа, што дэпутаты лічылі перамогай унясенне ў Палату прадстаўнікоў законапраекта "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс". На яе думку, перамога была б большай, калі б гэты кодэкс быў прыняты ў першым чытанні.
Інтэрнэт і ЖКГ
"Завіслі" законапраект аб ахове працы і законапраект аб электрасувязі. Канапацкая тлумачыць, што другі, нягледзячы на абязлічаную назву, закранае інтарэсы кожнага грамадзяніна. Напрыклад, ён рэгулюе сферу аказання інтэрнэт-паслуг. Цяпер у людзей узнікае праблема, калі яны не могуць змяніць інтэрнэт-правайдара, бо той пракладае сетку і не дае магчымасці іншым аператарам выкарыстаць яе. Калі закон будзе прыняты з усімі папраўкамі, ад яго выйграюць усе, лічыць дэпутат.
Па словах Ганны Канапацкай, шмат спрэчак вядзецца вакол законапраекта "Аб абароне правоў спажыўцоў ЖКП".
"У нейкай ступені ў нас збіраюцца ўзаконіць нядобрую практыку, якую я называю манаполіяй дзяржавы. — тлумачыць дэпутат. — З аднаго боку, так, нашы грамадзяне не актыўныя. Але з другога — у дзяржавы і выканкама застаецца права прызначаць кіраўнікоў. За мае грошы? Прабачце. І потым я яшчэ як спажывец не магу адмовіцца?"
Ганна Канапацкая настойвае на сумленнасці: калі хтосьці не плаціць "камуналку", хай яму і адключаюць камунальныя паслугі, не замінаючы пры гэтым суседзям. Сёння, па яе словах, аднаго або двух гаспадароў кватэр у межах дома або квартала адключыць немагчыма, адсюль і спрэчкі.
Уніфікацыя і ратыфікацыя
Дэпутат Алена Анісім кажа, што на найбліжэйшых пасяджэннях ПП будзе прынята шмат тэхнічных дакументаў, якія датычацца гандлю і транзіту тавараў у рамках СНД. Таксама могуць быць разгледжаны пагадненні аб узаемадзеянні мытных органаў дзяржаў — удзельніц СНД у сферы абароны правоў на аб'екты дзяржаўнай уласнасці.
"Што датычыцца ратыфікацый, змены, якія збіраюцца ўнесці, прадугледжваюць пэўны парадак, напрыклад аднатыпнасць пры афармленні тавараў, што перамяшчаюцца праз межы, — тлумачыць дэпутат. — Гэта павінна палепшыць жыццё тым, хто займаецца вытворчасцю, працуе на экспарт. Хочацца спадзявацца, што, у адрозненне ад закона аб адтэрміноўках, гэтыя законы ўсё ж будуць уносіць пазітыў у наша жыццё".
З іншых праектаў законаў: аб пажарнай службе, аб змяненнях у законе аб аплаце працы работнікаў бюджэтнай сферы, аб Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа.
Што перашкаджае дэпутатам
Адны з пералічаных тут законапраектаў будуць прынятыя, іншыя, хутчэй за ўсё, застануцца наступнаму складу Палаты прадстаўнікоў. "Працэдура прыняцця законаў вельмі забюракратызавана, — скардзіцца Ганна Канапацкая. — Ёсць, напрыклад, такая практыка: дзяржкантроль шле нейкія заўвагі і яны абавязкова павінны быць улічаныя. Пры гэтым усе забываюць, што дзяржкантроль не суб'ект заканадаўчай ініцыятывы, яго заўвагі дэпутаты маюць права не ўлічваць".
Яшчэ адна прычына затрымак — рознагалоссі паміж дэпутатамі. На думку Ганны Канапацкай, у такіх сітуацыях важна не спяшацца: лепш вырашыць усе пытанні і потым прымаць закон, чым пасля пажынаць плады спешкі.