Яшчэ $3,5 млрд? Колькі расійскіх крэдытаў ужо "вісіць" на Беларусі
Часта крэдыты бяруцца, каб пагасіць старыя абавязацельствы перад Расіяй / Reuters
Пуцін і Лукашэнка плануюць сустрэцца ў Сочы ў канцы лютага. Расійскае выданне "Коммерсантъ" са спасылкай на крыніцы паведамляе, што на гэтых перамовах Лукашэнка паспрабуе дамовіцца пра чарговы крэдыт — на суму $3-3,5 млрд.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў кажа, што парадак дня сустрэчы яшчэ не вызначаны. Але і не абвяргае, што размова можа зайсці пра крэдыт. Затое беларускі Мінфін заяўляе, што гаворкі пра новыя пазыкі не будзе.
Але факт заключаецца ў тым, што ў 2021 годзе знешнія запазычанні Беларусі патрэбныя. У 2021 годзе дэфіцыт дзяржбюджэту запланаваны на ўзроўні 4 млрд рублёў, а па знешніх даўгах трэба вярнуць больш за $2 млрд.
Пры гэтым пазычаць асабліва няма ў каго. Практычна адзіны крэдытор Беларусі — Расія.
Але ж Беларусь зусім нядаўна ўжо пазычала грошы ў Расіі!
Усё так — гэта адбылося восенню 2020 года. Тады ў Аляксандра Лукашэнкі атрымалася дамовіцца з Уладзімірам Пуціным на $1,5 млрд. З іх $0,5 млрд — грошы Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, яны ўжо паступілі ў Беларусь. За іх кошт наша краіна пагасіла даўгі перад "Газпрамам". Яшчэ $1 млрд — грошы з расійскага бюджэту, палова якіх ужо таксама прыйшла ў беларускі бюджэт. Апошні транш чакаецца сёлета.
Усяго ж з 2013 года Беларусь атрымала ў Расіі — ад урада і банкаў — практычна палову ад усіх сваіх знешніх пазык — $11,5 млрд.
А быў наогул год, калі Беларусь не пазычала ў Расіі?
У апошняе дзесяцігоддзе расійскія крэдыты для Беларусі сталі рэгулярнымі. Не праходзіць і года, каб беларускі ўрад не звярнуўся да запазычанняў з Расіі.
У 2020 годзе — $1 млрд з выдзеленых $1,5 млрд.
У 2019 годзе — $0,73 млрд на рэфінансаванне старых даўгоў перад Расіяй.
Па выніках 2018 года Беларусь атрымала з Расіі $0,88 млрд. Публічна абмяркоўваўся дзяржкрэдыт на суму $0,7 млрд, якая таксама прызначалася на пагашэнне і абслугоўванне доўгу.
У 2017 годзе запазычанні былі яшчэ большыя — $1,3 млрд. З іх $1 млрд — міждзяржаўны крэдыт. Тады расійскі міністр фінансаў Антон Сілуанаў паведаміў, што сродкі пойдуць "на падтрымку бюджэту, плацежнага балансу".
У 2016 годзе ўрадавых і банкаўскіх крэдытаў было ўзята $0,55 млрд.
За 2015 год аб'ём расійскага крэдытавання дасягнуў $1,57 млрд. Вядома, што $0,76 млрд іх было атрымана на абслугоўванне і пагашэнне старых даўгоў.
Вельмі шмат Беларусь пазычыла ў Расіі ў 2014 годзе — $4,52 млрд. Пазыку $2 млрд Пуцін растлумачыў так: "Урад Расійскай Федэрацыі прыняў рашэнне аказаць садзейнічанне нашым калегам у сувязі з тым, што адбываецца на сусветных рынках, і даць Рэспубліцы Беларусь дадатковыя пазыковыя сродкі". У тым годзе Беларусь вымушана была пагашаць знешні доўг у суме $4,56 млрд.
За 2013 год $0,44 млрд паступіла ў беларускі бюджэт па крэдыце расійскага Банка ВТБ. Яшчэ $0,44 млрд — урадавы крэдыт на будаўніцтва АЭС.
Усяго ж на будаўніцтва БелАЭС быў выдзелены крэдыт да $10 млрд. З іх за 2011–2020 гады асвоена $4,5 млрд.
Пазычае Беларусь стабільна больш, чым вяртае. Так, у 2013–2020 гадах па ўсім свеце ўдалося знайсці $22,9 млрд. За гэты ж час Беларусь вярнула па даўгах $15,6 млрд. Знешні доўг на 1 студзеня 2021 года склаў $18,6 млрд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.