Яшчэ чатырох чалавек праваабаронцы прызналі палітвязнямі
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чатырох беларусаў, асуджаных па справах, звязаных з выкарыстаннем гвалту супраць міліцыі, супрацівам з выкарыстаннем гвалту супрацоўніку МУС, іншым службовым асобам, выконваючым службовыя абавязкі, і хуліганствам. Гэта Ян Дайліда, Пётр Грэцкі, Аляксандр Патаповіч і Мікалай Дзенісевіч.
Праваабаронцы адзначаюць, што беларускія ўлады парушылі права грамадзян на мірныя сходы. Пры гэтым дзеянні міліцыі былі непрапарцыйна жорсткімі. У сувязі з гэтым дзеянні пратэстоўцаў у адказ трэба разглядаць як неабходную абарону.
"У шэрагу выпадкаў судовыя паседжанні былі праведзеныя ў закрытым рэжыме: на іх не дапускаліся прадстаўнікі грамадскасці, праваабаронцы і прадстаўнікі СМІ. Прычым рашэнні суда аб правядзенні закрытых паседжанняў не былі абумоўленыя неабходнасцю абароны дзяржаўнай таямніцы ці інфармацыі асабістага характару ўдзельнікаў працэсу, непажаданай да публічнага распаўсюду.
Таксама маніторынг судовых паседжанняў засведчыў і іншыя парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва: парушэнні прэзумпцыі невінаватасці, роўнасці перад судом і інш.", — адзначаюць праваабаронцы.
На падставе ўсяго пералічанага яны прызнаюць палітывязнямі названых вышэй грамадзян, патрабуюць перагледзець іх прысуды "пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва" і вызваліць іх з-пад варты пад падпіску.
Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), Беларускі ПЭН-цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман канстанта", Беларуская асацыяцыя журналістаў.
На сёння ў Беларусі 507 палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.