Яўген Змушка: “Мутнаевока” — як Sex Pistols у свой час

Яўгена спрабуем вылавіць месяцы тры, калі не болей. Аднак лідар “Мутнагавока” падобны да ветру, які ўрываецца ў вакно раптоўна. Так атрымалася і гэтым разам.

Пра разагрэў і вінаватых

Еўрарадыё: Месяц таму вы выступілі ў якасці сапарту на канцэрце фінскіх зорак The Rasmus. Наколькі гэта важна, мець падобныя “разагрэвы” у сваёй гісторыі? Што гэта дае музыкам?

Яўген Змушка: Нармальным музыкам, якія сур’ёзна ставяцца да саміх сябе, і разумеюць, што ім патрэбна ад уласнай творчасці, што яны спрабуюць сказаць людзям, гэта павінна даць сілы, каб знайсці кірунак далейшага руху. Дарэчы, вось, ты пачынаў з кватэрнікаў, потым перабраўся ў клубы, выступіў на фестывалях, потым “падаграваў” расійскі гурт, што таксама не кепска. А тут прадставіўся момант пасябраваць з еўрапейскім гуртом. І ты мусіш рабіць вынікі з гэтага.

Еўрарадыё: Ты малюеш шлях маладога гурта?

Яўген Змушка: Ну, некаторыя гурты могуць на гэтым і скончыць. Маўляў, зрабілі альбом, прэзентавалі яго, сыгралі з “Металікай” ці “Офспрынгам” – і ўсё, мы крутыя. Маладыя музыкі ў такіх выпадках думаюць, што далей усё будзе ісці толькі ўверх. Але потым жыццё прыбівае, абламвае, прыціскае да самай дрыгвы, да пабудовы, якая разгарнулася ў цябе пад вокнамі. Пад тваім балконам. І ўсё на гэтым. А ўзнікаюць думкі кшталту: “Ну, а што мы можам зрабіць? Гэта ж Беларусь! Тут жа ніякіх перспектываў”. Гэта не краіна вінаватая, і не народ. Толькі ты сам! Бо быў момант, вельмі важны момант, калі трэба было быць адказным не толькі за сябе, але і за свой гурт. Таму, як быць лідарам, гэта цяжка на самой справе. І вось у гэты момант ты даў слабіну, стаў кволым, паддаўся весялусе — дзяўчаты, вечарынкі, напоі, аўтографы — і ўсё. Зрабіўся мяккацелым, падалося, што нехта мусіць усё рабіць за цябе, бо ты гэтай “планкі” дасягнуў.

Еўрарадыё: Ну, а калі Rasmus выступяць на разагрэве ў “Мутнагавока”?

Яўген Змушка: Магчыма, калі Лауры павыдзірае ўсе пёркі з крумкачоў на сваю галаву (смяецца). Калі сур’ёзна, то я ўвогуле не вітаю такі пафас кшталту разагрэву, хэдлайнера, першага” ці “апошняга. Апошнім часам да нашага ансамбля сталі ставіцца так, што мы лепшыя за іншых, што на андэграўндным узроўні мы займаем нейкую асаблівую вярхушку. Я так не лічу. Мы заўсёды былі людзьмі простымі, гатовымі для размовы абсалютна з любым выканаўцам, любым мастаком, любым карэспандэнтам. Незалежна ад таго, фін гэта, расіянін, украінец ці суайчыннік у клубе. Справа была не ў гэтым. Справа была ў тым, каб навесці невялікі інтэграцыйны фінска-беларускі мост. І паспрабаваць сябе на пляцоўцы Палаца спорту, калі яшчэ давядзецца. Ну, і паглядзець на рэакцыю публікі: як выглядае гурт, які побач з ёй увесь час, на фоне сваіх куміраў?

Пра беларускі кантэкст і заходнія маскі

Еўрарадыё: Наколькі ”Мутнаевока” арганічна сябе адчувае ў беларускім музычным кантэксце?

Яўген Змушка: Нас лічылі “гранжамі-панкамі”, але мы ніколі не маглі прыстасавацца да гранжавай тусоўкі, і заўсёды былі як белыя вароны. “Мутнаевока” спалучае ў сабе шмат супярэчнасцяў. З аднаго боку, падабаецца народу: мала які гурт можа выклікаць такія эмоцыі і запал у вачах, усё больш і больш прываблівае да сябе ўвагу. Па-другое, гэта скептычны настрой з боку крытыкаў.

Еўрарадыё: А чаму, ты мяркуеш, яны скептычна настроеныя?

Яўген Змушка: Магчыма, яны хочуць знайсці нешта маднявае, кшталту новага Placebo ці Akute. Прычым, гэта будзе маднявым толькі тут, у нашай краіне, тым часам, як на Захадзе яно ўжо усё даўно адгрукала. Магчыма, на гэта паўплывалі нейкія нашы скандальныя паводзіны на сцэне. Ці панк-лозунгі на канцэртах: “Хай будзе так!” ці “У ж… пу ўсіх астатніх!”. Насамрэч, “Мутнаевока” — як Sex Pistols у свой час. Ён нашумеў-нашумеў, зрабіў адзін вядомы альбом, за кошт якога корміцца і па сёння.

Еўрарадыё: На якой стадыі цяпер знаходзіцца беларуская музыка, як табе падаецца? Наколькі гэта адпавядае працэсам, што адбываюцца з музыкай на тым жа Захадзе?

Яўген Змушка: Ніколі не трэба прымяраць на сябе заходнюю маску. Яна ўсё роўна не падыдзе да твару: не ўсё тое, што ты прымяраеш, табе падыдзе. Тое, што панк-рок сябе зжыў, гэта адназначна ўжо, таму як няма такога руху, які можна было назіраць на пачатку 2000-х. Дастаткова прыгадаць клубы NC, “Рэактар” і г.д., калі збіраўся цэлы клуб і ламіўся ад людзей, як рыбная бляшанка. Там збіраліся ўсе — і металісты, і панкі, і хіпі, і аматары поп-музыкі, таму што не было куды асабліва хадзіць. Сёння ж слухачы і гледачы маюць выбар у інтэрнэце. Яны не ведаюць, куды пайсці, і аддаюць перавагу больш вылізанаму фармату.

Ёсць сапраўды клёвыя выканаўцы, ёсць, чым ганарыцца, і ёсць, што прасоўваць. Важна, каб гэтыя хлопцы і дзяўчаты не надумалі сабе лішняга. Трэба ставіць перад сабой высокія мэты, і тады, у залежнасці ад іх, нешта можа і атрымацца.

Еўрарадыё: А вы паставілі сабе высокую мэту?

Яўген Змушка: Цяпер так. У нас паўтары гады амаль што нічога не адбывалася, апроч, бадай, таго, што зрабілі EP “Ліхаманка”. Праўда, было напісана і запісана шмат-шмат аднаразовых песень, якія ўвайшлі ў складанкі, ці ўвогуле нікуды не ўвайшлі, проста згубіліся ў інтэрнет-сетцы. То бок, нельга сказаць, што “МВ” нічога не зрабілі за гэты час. За гэты час мы зрабілі шмат дробязных прац, якія, калі б аб’яднаць у адно, склалі б альбом ці нават два. Але цяпер перад намі пастаўленая занадта высокая мэта. Можа, занадта амбіцыйная. Але гэта не падлеткавая амбіцыйнасць.

Еўрарадыё: Дык якая мэта?

Яўген Змушка: Ці падзяліцца планамі? (смяецца)

Еўрарадыё: Не! Давай спачатку пра мэту!

Яўген Змушка: Мэта — зрабіцца больш дарослымі. Утаймаваць вось гэтую сваю апантанасць, свежасць, сталасць, і нейкім чынам звязаць гэта з духоўнасцю. Мы не называем сваіх слухачоў фанатамі і прыхільнікамі. Мы называем іх прасвятлённымі. То бок, гэта людзі, якіх кранула святло нашай энергетыкі, яны нешта зразумелі. І гэта дало ім не тупую апантанасць фанатызму, а прасвятленне, якое штурхае на пошукі сябе, на імкненне рабіць тое, аб чым марылася. Знайсці сваю каляіну па жыцці.

Еўрарадыё: Якой ты бачыш будучыню музычнай індустрыі?

Яўген Змушка: Айчыннай?

Еўрарадыё: І айчыннай, і сусветнай…

Яўген Змушка: Цяпер усе скардзяцца, што 2000-я нічога не далі музычнай індустрыі: маўляў, апроч Лэдзі Гагі і клубных дыжэяў мы нічога не маем. Можа, гэта лепш называць пераломным момантам? Таму як на пачатку 90-х, да з’яўлення гранжу, таксама казалі, што гэта ўтапічны час і ўпікалі на тое, што ў 70-я былі хіпі, а ў 80-я былі Beasty Boys і ўвесь гэты час казалі, што 10 гадоў таму было лепей. Можа, так і павінна быць? Можа, гэты час усім дадзены для таго, каб асэнсаваць саміх сябе.

Еўрарадыё: Але на тым жа Захадзе ледзьве не кожны тыдзень нараджаецца новы кірунак у электроннай музыцы…

Яўген Змушка: Я яшчэ раз кажу, што Захад нам не роўня. Таму як там ёсць шоў-бізнес. А ў нас — сыравіна і прамысловасць. Беларускія рок-выканаўцы — гэта шчырыя і апантаныя людзі, гэта воіны, якія нічым не грэбуюць, і ўласным ілбом спрабуюць прабіць гэты мур. Прычым, не для таго, каб стаць знакамітымі і зарабіць грошай, а для таго, каб гэтая культура не пала яшчэ ніжэй асфальту.

А на Захадзе цяпер усё пабудавана на праектах кшталту American Idol, якія шукаюць зорак. Сядзіць журы, і вырашае лёс аднаго чалавека. Ну як гэта можа быць? Я бачыў: хлопец, які выдатна спявае і мае сваю фішку. Яны гэта адзначаюць і кажуць, “але мы цябе не возьмем далей, і зоркай ты ніколі не станеш”. І ён з сумам сыходзіць са сцэны. А калі б да іх выйшаў Ян Кёрціс і праспяваў ім некалькі радкоў, яны б і яму ўказалі на яго памылкі і сказалі, што ён зоркай ніколі не стане. І што, ніколі б мы не пачулі Joy Division? Бо на погляд крытыкаў, у яго ўвогуле няма голасу!

Пра музычную адукацыю і настаўніцу спеваў

Еўрарадыё: Удзельнікі “Мутнагавока” маюць музычную адукацыю?

Яўген Змушка: У гітарыста і клавішніка, прынамсі, у двух з пяці ўдзельнікаў ёсць музычная адукацыя! У гурта ёсць мозг і ёсць сэрца. Калі яны сустракаюцца, атрымліваецца кампазіцыя.

Еўрарадыё: Калі б у цябе зараз з’явілася магчымасць атрымаць музычную адукацыю, ты б пайшоў вучыцца?

Яўген Змушка: Бадай што не. Пасля школы перада мной стаяў выбар. Я паступаў ва Універсітэт культуры на дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і не здаў экзамен па жывапісе, хаця, усё астатняе было выдатна. Гэта сапраўды выбіла мяне з каляіны, я вельмі разгубіўся і засумаваў. Але з цягам часу я зразумеў, што яно так і павінна было быць, бо я б не здолеў сумяшчаць прафесійны занятак ва ўніверсітэце са шчырым напісаннем песні і самавыхаваннем.

Я бяру ўрокі спеваў. У мяне ёсць вельмі прыгожая настаўніца, яе завуць Ая. Яна ўсё жыццё навучала толькі дзетак у педагагічным, і вось цяпер дае мне персанальныя заняткі. Яна кажа, што амаль што праблем няма. Ну як, няма. Спяваць я не ўмею. Але на яе думку, у мяне ёсць харызма — фішка, за кошт якой усё атрымоўваецца. Кажа, давай табе паспрабуем паставіць дыханне. Вось над гэтым мы цяпер і працуем.

Еўрарадыё: А калі ўявіць, што ўсе музыкі “Мутнагавока” маюць прафесійную музычную адукацыю. Гурт і ў такім выпадку граў бы гранж? Ці падаўся б у джаз, напрыклад?

Яўген Змушка: Не трэба займацца прусачынымі бягамі, таму што жыццё ўсё роўна прыб’е туды, дзе тваё месца… А ўвогуле, Джону Ленану ці Курту Кабэйну была патрэбна адукацыя? Ім не перашкаджала тое, што яны не мелі адукацыі. Ім час ад часу перашкаджалі занадта адукаваныя людзі, якія казалі, што трэба рабіць так і так. У любым выпадку, адукацыя — гэта заўжды на карысць чалавеку. Толькі яна не падстава, і не спадарожнік для напісання шчырай і прыгожай песні.

Пра новы альбом

 

Еўрарадыё: Увогуле, што цяпер граеце? У які бок вас нясе?

Яўген Змушка: Цяпер мы прыйшлі да таго, пра што марылі ў дзяцінстве: сумяшчаем попс, сапраўдны хэві і не выдаём гэта за мэйнстрым, хоць некаторыя лічаць, што так яно і ёсць. Намагаемся рабіць гэта максімальна шчыра і апантана, вось так наўзрыд, як апошняя кропля. Але без гармідару, без гвалту, без неўтаймаванай сцяны гуку.

Еўрарадыё: Ці моцна змяніўся ваш погляд на свет з таго моманту, як вы гралі каверы на “Кіно”?

Яўген Змушка: Мы прыйшлі да большай сур’ёзнасці, мінімалізму і жорсткай канкрэтыкі. Змяніўся вобраз, былі адабраныя колеры, кантрастныя колеры, ад якіх будзем адштурхоўвацца і на якіх будзе замацаваная ўся творчасць.

Еўрарадыё: Ці не хочацца пусціцца ў кардынальныя эксперыменты?

Яўген Змушка: Без эксперыментаў усё ж не абыдзецца. На новай пласцінцы, праца над якой вось-вось пачнецца, знойдзецца і так званы электронны брэйк-біт, і мантра, якая расштурхоўвае з боку ў бок — гэта, што тычыцца менавіта лірыкі. І не адступіць гурт, вядома, ад сваіх каранёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі