Юрыст: Каментуючы затрыманні на Зыбіцкай, міністр недагаворвае
Брутальнага затрымання на Зыбіцкай не было ― усё было дакладна і пісьменна, а затрымлівалі тых, хто парушаў закон і знаходзіўся ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, — кажа Еўрарадыё міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Юрыст Тамара Сідарэнка сцвярджае, што міністр спецыяльна недагаворвае, цытуючы адпаведны артыкул Адміністрацыйнага кодэкса.
Тамара Сідарэнка: “У адпаведнасці з 3 часткай артыкула 17 Адміністрацыйнага кодэкса, адміністрацыйнаму пакаранню падлягаюць толькі людзі, якія знаходзяцца ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане і ў выглядзе, які зневажае чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць. Проста нецвярозы чалавек на вуліцы, які адэкватна сябе паводзіць, хай сабе і крыху пагойдваецца падчас хады, — ён не парушае грамадскі парадак. Ён не падлягае ніякай адказнасці, і падстаў затрымліваць яго, а тым больш адвозіць у органы міліцыі, на маю думку, няма. І логіка дзе: калі ў нас ёсць месцы, дзе людзі выпіваюць, то якім чынам людзям з гэтых устаноў дахаты дабрацца — толькі з дапамогай таксі?”
Праўда, удакладняе суразмоўца Еўрарадыё, гаворка не ідзе пра тых, хто выпіваў алкагольныя напоі за межамі бара ці летняй тэрасы — яны закон парушылі.
Тым не менш тлумачэнні, якія даў дзеянням міліцыі міністр Шуневіч, Тамара Сідарэнка называе “ўрэзанымі”. І не выключае, што ён наўмысна гэта робіць, каб апраўдаць дзеянні сваіх падначаленых
Затрыманне амаль 30 чалавек адбылося на “галоўнай тусовачнай вуліцы” Минска Зыбіцкай у ноч з 2 на 3 чэрвеня. МУС пасля заявіла, што ніякага “хапуна” не было, затрымлівалі толькі за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане або распіццё алкаголю па-за кавярнямі і летнімі тэрасамі.