Юрыя Рубцова шпіталізавалі пасля 30 сутак зняволення і галадоўкі
27 траўня актывіста вызвалілі з гомельскага ізалятара часовага ўтрымання.
Як паведамляе БелаПАН са словаў юрыста Леаніда Судаленкі, Рубцова павінны былі вызваліць у 4.10, аднак сустрэць яго каля гомельскага ізалятара не ўдалося. Актывіста вывезлі, не паведаміўшы нават жонцы і сыну, якія прыйшлі яго сустракаць. Толькі пазней сваякі высветлілі, што Рубцова вывезлі з ізалятара часовага ўтрымання ў Чыгуначны райаддзел міліцыі для размовы.
Калі Рубцова адпусцілі з РАУС, сваякі адвезлі яго ў лякарню, бо мужчына кепска пачуваўся.
Нагадаем, Рубцова затрымалі ў Мінску 26 красавіка пасля "Чарнобыльскага шляху". На мітынгу ён быў апрануты ў футболку з надпісамі "Лукашэнка, сыходзь!" Яго прызналі вінаватым у "непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы", "дробным хуліганстве" і асудзілі на 25-сутачны арышт. Футболку ў актывіста канфіскавалі. На знак пратэсту супраць прысуду Рубцоў абвясціў галадоўку.
Увечары 21 траўня міліцыянты адвезлі Рубцова на чыгуначны вакзал Мінска і пасадзілі на цягнік да Гомеля. Аднак там яго адразу ж затрымала мясцовая міліцыя. Актывіста асудзілі на пяць сутак арышту нібыта на непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. Рубцоў зноў абвясціў галадоўку.
Такім чынам, галадоўка пратэсту гомельскага актывіста доўжылася агулам 30 сутак.
Фота — nn.by