З малінавым варэннем. Як мяняюць рацыён салдат, якія (не)працуюць з плутоніем
А як яго насамрэч можна змяніць, каб мінімізаваць наступствы працы з ядзернай зброяй?
У пачатку студзеня дырэктар Цэнтра Беларускіх камунікацый Максім Пляшко са спасылкай на ўласную крыніцу расказаў, што ў Беларусі хочуць палепшыць рацыён вайскоўцаў 116 авіябазы ВПС у Лідзе. Нормы харчавання не мяняліся ўжо шмат гадоў, і вось ваенных вырашылі парадаваць... марской капустай.
Паводле звестак Цэнтра Беларускіх камунікацый, запыт на абнаўленне рацыёну паступіў ад службы тылу. Вайсковая частка нібыта просіць у сціслыя тэрміны дадаць у рацыён вайскоўцаў малако і кісламалочныя прадукты, свежую садавіну і варэнне з яе, дадатковую порцыю рыбы або рыбапрадуктаў, марскую капусту, згушчанае малако, какаву.
Беларускі навуковец хімік, стваральнік папулярнага канала пра радыяцыйную і хімічную бяспеку Сяргей Бесараб мяркуе, што такая змена рацыёну можа ўскосна сведчыць пра тое, што вайскоўцы на Лідскай базе будуць мець справу з ядзернымі боепрыпасамі.
Але адзначае: такая змена рацыёну хіба што падыме ваенны аптымізм. А калі марской капустай іх вырашылі ратаваць ад плутонію, у навукоўцаў дрэнныя навіны.
Каркадэ з малінавым варэннем
Над спісам прадуктаў, якія хочуць дадаць у рацыён лідскай брыгады, Сяргей Бесараб адкрыта пасмейваецца. Напрыклад, у гэтым спісе ёсць марская капуста, якая змяшчае вялікую колькасць ёду. Але ёд патрэбны хіба што калі Ліда перажывае праз працу Астравецкай АЭС. Пры працы з ядзернай зброяй ён цалкам бескарысны.
— У спісе ёсць таксама рыба і морапрадукты. Магчыма, гэта адсылка да савецкіх часоў, калі пацярпелым на АЭС рэкамендавалі бялковыя гідралізаты — тады гэта быў прэпарат, зроблены з мідый, вустрыц і рачкоў. Яго прымалі, каб знізіць пашкоджанні, выкліканыя апрамяненнем. Але дагэтуль незразумела, наколькі ён эфектыўны. Ёсць спасылкі толькі на закрытыя даследаванні, ніякіх клінічных выпрабаванняў эфектыўнасці гэтага прэпарату праведзена не было. Але ў масавай свядомасці замацавалася ўпэўненасць: морапрадукты могуць зніжаць дзеянне радыяцыі.
Што яшчэ ў спісе? Какава? Прамога радыяабароннага дзеяння тут няма, але ёсць танізуючы эфект. То-бок, калі ўсё дрэнна, то за кошт танізуючага эфекту будзе здавацца, што, можа, яшчэ не так і кепска.
Адзінае ў спісе, што насамрэч можа знізіць аксідатыўны стрэс — свежая садавіна і варэнне з яе. Свежая садавіна ўтрымлівае антацыяны, і тыя маюць пацверджаную антыаксідантную актыўнасць. Так што так, у садавіне сэнс ёсць.
У цэлым абноўлены рацыён падобны на рацыён падводнікаў, заўважае навуковец. Але ніякіх спецыяльных радыяабарончых або прафілактычных радыяабарончых уласцівасцяў ў гэтых прадуктаў няма. А ў якіх ёсць?
— Замест какавы я б параіў увесці ў гэты рацыён чай каркадэ. Або анчан — сіні чай — у ім вялікая колькасць антацыянаў. Можна ўжываць фіялетавую каляровую капусту, журавіны, чарніцы. Гэта значыць прадукты, якія ўтрымліваюць прыродныя антацыяны. І такім чынам можна паспрабаваць знізіць аксідатыўны стрэс ад апраменьвання.
Калі гэты тэкст вас растрывожыў і вы пабеглі ў краму па каркадэ — пачакайце. Купіце яшчэ і дазіметр. Сяргей Бесараб рэкамендуе мець яго дома кожнаму беларусу. На адрозненне ад дзяржаўных медыя ён адразу пакажа, калі радыяцыйная абстаноўка адхілілася ад нормы (з гэтай жа мэтай можна падпісацца на тэлеграм-канал Бесараба).
Дык завезлі ці не завезлі ў Беларусь ядзерную зброю?
Сяргей Басараб родам з Гродзенскай вобласці. І не хавае, што на кожную навіну, якая пацвярджае, што ЯЗ цягнуць у нашы самыя чыстыя, найменш пацярпелыя ад радыяцыі раёны, рэагуе вельмі эмацыйна. Ён называе тое, што адбываецца "святатацтвам".
Навуковец ва ўсіх сваіх развагах зыходзіць з таго, што тактычная ядзерная зброя ў Беларусі ўжо ёсць. І на Лідскім аэрадроме, імаверна, захоўваюцца авіяцыйныя боепрыпасы (хутчэй за ўсё гэта ракеты Х58У) для мадыфікаванага самалёта СУ-24М.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.