За хабар судзяць сына экс-міністра прыроды
Віктар Каўхута
Пачынаецца суд над Віктарам Каўхутам, сынам былога міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуты, заўважыла "Наша Ніва".
Віктару Каўхуту 40 гадоў, ён быў першым намеснікам гендырэктара агракамбіната "Ждановічы".
Судзяць яго разам з Андрэем Іскандэравым. Як мяркуе "Наша Ніва", гаворка ідзе пра 57-гадовага расійскага бізнесоўца, які займаўся оптавым гандлем садавіной і гароднінай.
Іх вінавацяць у атрыманні і дачы хабару. Каму што інкрымінуецца — не ўдакладняецца.
Абодвум фігурантам пагражае ад пяці гадоў турмы. Суд над імі пачынаецца 11 сакавіка.
Віктар Каўхута ў 2016 годзе збіраўся балатавацца ў дэпутаты і скласці канкурэнцыю "атаману" Мікалаю Улаховічу. Але Каўхуту-малодшага нават не зарэгістравалі.
А неўзабаве, у 2017-м, Каўхуту-старэйшага знялі з пасады міністра і пачалі на яго крымінальную справу за службовы падлог. Пасля гэтага Андрэй Каўхута знік з публічнага поля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.