Заблакаваць дарогу ад мяжы РБ польскім фермерам не дазволілі ўлады Бяла-Падляскі

Акцыя пратэсту польскіх фермераў

Акцыя пратэсту польскіх фермераў / Agencja wyborcza.pl

Прэзідэнт польскага горада Бяла-Падляска Міхал Літвінюк забараніў фермерам ладзіць акцыю пратэсту на аб'язной дарозе вакол горада. Яна з'яўляецца часткай нацыянальнай трасы, якая вядзе ад мяжы Беларусі да Варшавы, піша Most са спасылкай на польскія СМІ.

У Польшчы на 20 сакавіка запланаваны чарговы буйны пратэст фермераў. У тым ліку яны хацелі заблакаваць участак дарогі, якая вядзе ад памежнага пераходу ў Цярэспалі і праз грузавы тэрмінал у Карашчыне. Блакада мелася працягвацца да 26 сакавіка. Пры гэтым штогадзіну рух адчыняўся б на 15 хвілін.

Па гэтай дарозе штодня праходзіць да некалькіх дзясяткаў тысяч аўтамабіляў. І апошнім часам сітуацыя пагоршылася праз вялікую чаргу на мяжы.

Па словах Літвінюка, акцыя пратэсту паралізавала б горад і рэгіён. Яна не толькі заблакавала б міжнародны транзіт, але і ўскладніла б доступ экстраным службам да месцаў здарэння.

Пратэсты фермераў у Польшчы доўжацца ўжо некалькі тыдняў. Яны пратэстуюць супраць неабмежаванага імпарту сельгаспрадукцыі, а таксама супраць экалагічнай і кліматычнай палітыкі Еўрасаюза. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі