“Захаваць суверэнітэт і незалежнасць”: у Львове адкрылася школа беларускай мовы

“Захаваць суверэнітэт і незалежнасць”: у Львове адкрылася школа беларускай мовы

“У Львове, які з’яўляецца культурнай сталіцай Украіны, першае, пра што пытаюцца ў беларусаў, — чаму яны не ведаюць сваёй мовы. Калі нашы людзі ходзяць па вуліцах і бачаць украінцаў, якія носяць вышыванкі і размаўляюць па-ўкраінску, яны самі пачынаюць задаваць сабе гэта пытанне”, распавядае Еўрарадыё каардынатар Беларускага крызiснага цэнтра ў Львове Аляксей Францкевіч

Арганізацыя, дзе працуе наш суразмоўца, дапамагае беларусам, вымушаным пакінуць сваю радзіму: аказвае псіхалагічную і юрыдычную кансультацыю. 

Пасля жнівеньскіх падзей мінулага года такіх “уцекачоў” у Львове стала шмат. У крызісным цэнтры пабачылі, што ў іх ёсць патрэба размаўляць па-беларуску, але не ўсе валодаюць мовай. 

Разумеючы, што гэтую сітуацыю трэба неяк мяняць, каля двух месяцаў таму вырашылі адкрыць школу, куды можа хадзіць кожны ахвотны. Заняткі праводзяцца бясплатна.

“Захаваць суверэнітэт і незалежнасць”: у Львове адкрылася школа беларускай мовы
Аляксей Францкевіч

Аляксей Францкевіч: Пасля таго як у Беларусі сталі закрываць ініцыятывы накшталт курсаў “Мова Нанова”, ідэя адкрыцця такой школкі стала асабліва актуальнай. У нас няма фінансавання і свайго памяшкання, таму першае, што пачалі шукаць, — пляцоўку, дзе маглі б праводзіць заняткі. 

Размаўлялі з мясцовымі ўладамі, рознымі арганізацыямі і кавярнямі. У выніку нам дапамаглі сябры з украінскай скаўцкай арганізацыі “Пласт”. Заняткі праводзяцца ў іх офісе. 

Зараз сустрэчы з слухачамі праводзіць фігурант так званай справы аб “ваенным перавароце” ў Беларусі Віталь Макаранка, які з’ехаў з краіны ў Львоў і падаўся на статус уцекача. 

Сюды прыехаў кандыдат філалагічных навук і дацэнт Алесь Лоска, які таксама будзе нам дапамагаць. За аснову мы ўзялі праграму курсаў “Мова Нанова”.

“Захаваць суверэнітэт і незалежнасць”: у Львове адкрылася школа беларускай мовы
Так праходзяць заняткі / архіў

Еўрарадыё: Хто прыходзіць на заняткі? 

Аляксей Францкевіч: На першыя заняткі прыйшло каля 20 чалавек: беларускія ўцекачы і чатыры ўкраінцы. Зараз ходзяць таксама каля 20 чалавек. Але думаю, што бліжэй да восені слухачоў будзе больш, бо некаторыя беларусы з’ехалі ў адпачынак. 

У асноўным курсамі цікавіцца моладзь да трыццаці. Самаму малодшаму наведвальніку — шэсць гадоў. Пакуль усе займаюцца ў адной групе, бацькі прыходзяць з дзецьмі. 

Але мы толькі пачалі сваю справу і паглядзім па сітуацыі. Калі будзе трэба, магчыма, зробім нешта асобнае для дзяцей, а нешта — для дарослых. 

Мы плануем зрабіць з гэтага праекта не проста моўныя курсы, а пляцоўку, дзе беларусы змогуць знаёміцца, абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі, ладзіць нейкія імпрэзы. Традыцыйна пасля заняткаў мы падпісваем паштоўкі для беларускіх палітвязняў. 

“Захаваць суверэнітэт і незалежнасць”: у Львове адкрылася школа беларускай мовы
Слухачы беларускамоўнай школы / архіў

Еўрарадыё: Ты кажаш, што ў школу прыходзяць украінцы. Навошта ім беларуская мова?

Аляксей Францкевіч: Высветлілася, што і ўкраінцам цікавая беларуская мова. Мы зрабілі анонс, і да нас прыйшлі ўсе, хто яго пабачыў і захацеў вучыцца. У Львове адчуваецца вялізарная салідарнасць з беларусамі. Усе нам жадаюць перамогі, і ўсе ведаюць, што мова — як інструмент для перамогі. Прыходзяць, падтрымліваюць, распавядаюць пра ўкраінскія падзеі. 

Да таго ж і беларусам, якія застаюцца і шукаюць тут працу, патрэбна валоданне ўкраінскай мовай. У перспектыве мы зробім і курсы ўкраінскай мовы для беларусаў. 

Дарэчы, паколькі нам дапамагае скаўцкая арганізацыя, праз месяц, калі там пачнуцца заняткі, беларускія дзеці да шасці год змогуць іх наведваць. 

“Захаваць суверэнітэт і незалежнасць”: у Львове адкрылася школа беларускай мовы
На заняткі прыходзяць і беларусы, і ўкраінцы / архіў

Еўрарадыё: Якая вам патрэбна дапамога?

Аляксей Францкевіч: Я размаўляў з адміністрацыяй Львова. Спадзяюся, што на наступныя заняткі да нас завітае мэр горада і павіншуе слухачоў з тым, што пачала працаваць гэтая школка. Спадзяюся, што дамовімся і ў нас з’явіцца свая пастаянная пляцоўка. Вось яна патрэбна. 

Таксама будзе файна, калі нехта зможа дапамагчы з фінансаваннем. Пакуль мы ўсё набываем за свае грошы. Калі прыйдзе дапамога, мы зможам перайсці на другі ўзровень — будзем запрашаць на нашыя сустрэчы музыкаў і іншых цікавых дзеячаў, ладзіць канцэрты, развіваць культурную дзейнасць.

Мы радыя любой ініцыятыве. Калі вы хочаце ў нас выкладаць ці неяк паўдзельнічаць у праекце, нават жывучы ў іншай краіне, пішыце мне праз фэйсбук і далучайцеся. 

Валоданне роднай мовай дапаможа беларусам захаваць суверэнітэт і незалежнасць.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі