Заснавальніку Wikileaks Асанжу адключылі інтэрнэт
Улады Эквадора закрылі доступ да інтэрнэту для заснавальніка сайта Wikileaks Джуліяна Асанжа, які знаходзіцца ў амбасадзе краіны ў Лондане. У заяве міністэрства замежных справаў Эквадора адзначаецца, што ў апошнія тыдні на знакамітым выкрывальніцкім сайце з’явілася шмат дакументаў, якія могуць паўплываць на перадвыбарчую кампанію ў ЗША. Эквадор прытрымліваецца прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін і не спрабуе ўплываць на бягучыя выбарчыя працэсы, сказана ў заяве.
Пра тое, што Асанжу адключылі доступ у інтэрнэт, яшчэ ўвечары 17 кастрычніка паведаміў Твітэр Wikileaks. Паводле гэтай інфармацыі, заснавальнік праекту застаўся без інтэрнэту яшчэ ў суботу.
Напярэдадні Wikileaks са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што дзяржсакратар ЗША Джон Кэры папрасіў Эквадор зрабіць так, каб Асанж перастаў публікаваць дакументы, звязаныя з кандыдатам у прэзідэнты ЗША Хілары Клінтан. Прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Джон Кірбі назваў гэтыя звесткі ілжывымі, перадае ВВС.