У Мінску ў чацвер затрымалі дзіцячага паэта і празаіка Дзмітрыя Юртаева, які выкладаў у прыватнай школе "Смарт Скул". У тг-канале, блізкім да сілавікоў, сцвярджаецца, што на Юртаева распачалі крымінальную справу. Ён сам расказаў, што ўдзельнічаў у "несанкцыянаваных мерапрыемствах" і пісаў каментары пра міліцыю. Да таго ж, Дзмітрыя Юртаева прымусілі прачытаць на камеру адзін са сваіх вершаў.
Праблемы ў школы "Смарт Скул" пачаліся некалькі дзён таму, калі з'явілася інфармацыя пра тое, што на тэрыторыі адной з прыватных школ дзіця стрэліла іншаму дзіцяці ў твар з пнеўматыкі. Рэагуючы на гэты інцыдэнт, Аляксандр Лукашэнка загадаў сакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу "зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі". Школу ён назваў "антыдзяржаўнай клаакай" (кіраўніцтва навучальнай установы гэта адмаўляла). Пазней стала вядома, што дырэктарка школы "Смарт Скул" Наталля Базанава і адзін з заснавальнікаў Андрэй Краўчук затрыманыя.