Затрымліваць заробкі пачалі і ў ЖЭСах?

Супрацоўнікі пішуць уладам “ананімкі”, што няма чым плаціць за “камуналку”, а родныя ЖЭСы пры гэтым ім налічваюць пеню Пакрыўджаныя на няпоўную выплату заробкаў супрацоўнікі ЖЭСаў пішуць скаргі ў мясцовыя органы ўлады. Адну з такіх ананімак (пазней высветлілася, што яе склала Таццяна К. з ЖЭСа №29 Мінска) надрукавалі на форуме афіцыйнага сайта Мінгарвыканкама.

“Мне 20 ліпеня выплацілі толькі палову дапамогі на дзіцяці — 69 тысяч рублёў, — абураецца Таццяна К. — А калі выплацяць астатнюю частку — невядома. І тры разы нам затрымлівалі заробак. А цяпер ужо чацвёрты. Чаму я павінна паўсюль аплачваць пені? Хто мне іх кампенсуе?”

Выходзіць, родны ЖЭС не толькі затрымлівае Таццяне дапамогу на дзіця, але і налічвае ёй пеню штомесяц пасля 25 чысла. Каравул!

Каб заступіцца за Таццяну, тэлефануем з прэтэнзіяй галоўнай бухгалтарцы ЖЭСа №29 Таццяне Маркевіч.

“Канчатковы разлік яна атрымала ўжо на наступны дзень, — здзіўляецца Таццяна Маркевіч. — А тут у ЖЭСе вырашыла ўсіх выжыць, вось і піша ананімкі. 20 чысла ўсім быў выплачаны заробак у памеры 69 тысяч рублёў. А на наступны дзень мы цалкам усіх разлічылі. А пратэрмінаваным заробак лічыцца, калі ён не быў выплачаны на першае чысло наступнага месяца за справаздачны. Таму ўсё ў парадку”.

Шэраговыя супрацоўнікі ЖЭСа пацвердзілі Еўрарадыё, што апошні заробак сапраўды затрымалі, “бо не было грошай”. Але астатнюю частку заробка ўсё ж хутка выплацілі. Усе супрацоўнікі атрымалі ад 500 да 800 тысяч рублёў.

“Глупства нейкае, я супрацоўнік, і я вам кажу — нічога не затрымлівалася”, — сцвярджае дыспетчарка ЖЭСа №29.

Выходзіць, перабоі з выплатамі заробку хоць і нязначныя, але ёсць. І нават аднадзённая затрымка правакуе напісанне злосных ананімак з прыдумкамі і паклёпамі на начальнікаў. І можна толькі ўявіць, што будзе, калі з-за крызісу пачнуцца сапраўдныя затрымкі заробкаў.

Фота generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі