Жонка Алеся Бяляцкага выступіла з прамовай на адкрыцці фестывалю ў ФРГ

Наталля Пінчук / spring96.org
Наталля Пінчук / spring96.org

Наталля Пінчук, жонка Нобелеўскага лаўрэата і беларускага палітвязня Алеся Бяляцкага, выступіла з праграмнай прамовай на адкрыцці музычнага фестывалю Herrenchiemsee Festival ў Германіі. Гэты фестываль ладзіцца ўжо каля 20 гадоў у Баварыі і збірае нямецкую і еўрапейскую творчую і палітычную эліту, расказвае "Радыё Свабода". Паводле традыцыі фестываль адкрывае праграмная прамова еўрапейскага спікера высокага ўзроўню. Сёлета такой спікеркай зрабілася Наталля Пінчук. Яна гаварыла пра Беларусь і беларусаў, іх месца ў Еўропе і прагу свабоды, а яшчэ пра вайну, якая працягваецца ва Украіне.  

"На нашым кантыненце зноў развязаная крывавая вайна, бачная і нябачная, і менавіта таму і міжнароднае права павінна ўзвысіць свой голас, і музы павінны не маўчаць, а заклікаць памятаць, дзеля чаго павінен жыць чалавек", — сказала Пінчук. Яна таксама нагадала, што Алесь Бяляцкі — не толькі праваабаронца, але і літаратуразнаўца. Яна сама — культуролаг. І пры іншых абставінах яны напэўна казалі б на гэтым фестывалі пра культурную сумяшчальнасць. У творчасці Людвіга ван Бетховена можна чуць беларускія народныя матывы. "Іх мы, беларусы, выразна чуем у 9-й сімфоніі Бетховена. Адкуль яны? Ноты кампазітар атрымаў у падарунак ад расійскага пасла пад назвай "Песні Паўночна-Заходняга краю". Так, "Паўночна-Заходнім краем" называлася Беларусь у XIX стагоддзі пад акупацыяй Расійскай імперыі, каб і намёку не было на тое, што гэта асобная краіна і асаблівы народ", — адзначыла Наталля Пінчук.

Цяпер са згоды Аляксандра Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі з'явілася расійская ядзерная зброя, з беларускай тэрыторыі ляцелі ў бок Украіны расійскія бамбавікі і ракеты, але "ёсць іншая Беларусь — свабодная, адкрытая, якая робіць еўрапейскі выбар". Гэтую Беларусь увесь свет бачыў у 2020-м. "Сёння гэтую свабодную Беларусь спрабуюць знішчыць і растаптаць", сказала жонка Алеся Бяляцкага. Наталля Пінчук расказала гасцям фестывалю пра беларускіх палітвязняў і пра смерць Алеся Пушкіна. Яна таксама выказала ўпэўненасць, "што і Алесь Бяляцкі, і яго аднадумцы вытрымаюць, калі будзе міжнародная салідарнасць і ціск на рэжым".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі