Журналісту Паўлюку Быкоўскаму выставілі абвінавачанне па “справе БЕЛТА”
Карэспандэнту Deutsche Welle Паўлюку Быкоўскаму Следчы камітэт выставіў абвінавачванне па "справе БЕЛТА". Журналіст Быкоўскі мусіць сплаціць кампенсацыю за страты, нанесеныя дзяржаўнаму агенцтву. Гэта сума, якая крыху перавышае 4000 рублёў.
Паўлюк Быкоўскі кажа, што прызнае сваю віну і мае намер сплаціць гэтыя грошы.
"Я адразу абіраў такі варыянт паводзінаў, гэта — мая тактыка. Натуральна, я нікога не схіляю да такіх рашэнняў", — патлумачыў вядомы журналіст і медыяэксперт прэс-службе БАЖ.
Вядома, што абвінавачанні ўжо выставілі шасці асобам з рэдакцыі TUT.by, а таксама галоўнаму рэдактару БелаПАН Ірыне Леўшынай і журналістцы гэтага незалежнага агенцтва Таццяне Каравянковай.
Фігуранты “справы БЕЛТА” знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе з краіны.
7-9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала TUT.BY і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя Ірына Леўшына, Таццяна Каравянкова, галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, а таксама рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску аб нявыдаванні інфармацыі.