The ЖЗЛ: Мы знаходзімся ў апазіцыі да беларускай сцэны

Лідар мінскага андэграўнднага гурта “The ЖЗЛЯўген Новаш прыйшоў у студыю “Еўрарадыё” на паўгадзіны раней дамоўленага. “Я неяк хвалююся, дык вось і прыйшоў, каб падрыхтавацца”, — з усмешкай патлумачыў музыка. Але сціпласць знікла адразу пасля ўключэння мікрафона і Яўген у спакойнай пераканаўчай форме патлумачыў, чаму застанецца жыць у Мінску, хто ёсць хто на беларускай сцэне, як трэба ісці да поспеху і якім будзе новы альбом.

Еўрарадыё: Пачнём з вашага разагрэву гурта “Ленинград”…

Яўген Новаш: Справа да гэтага ўжо даўно ішла. Мы год размаўлялі з Сяргеям Уладзіміравічам Шнуравым, ён быў не супраць, але не было такіх магчымасцяў. І вось 23 лістапада ў Мінску будзе вялікі сольны канцэрт легендарнай групоўкі “Ленинград”. Да гэтага Шнураў прыязджаў на фестываль “Мост”, дзе мы з ім паразмаўлялі, і ён пагадзіўся. Асобныя падзякі арганізатарам мерапрыемства Аtom Еntertainment, якія нас падтрымалі.

Цяпер мы рыхтуем невялікую праграму, якая будзе складацца з даволі новага матэрыялу. Яна будзе цэнзураванай, мы не будзем выкарыстоўваць табуяванай лексікі. Давялося пайсці на такія ўмовы арганізатараў, бо нам вельмі хочацца выступіць разам з гэтым легендарным калектывам.

Еўрарадыё: Цікава, а “Ленинград” таксама будзе без табуяванай лексікі выступаць?)

Яўген Новаш: Думаю, што іх таксама папрасілі. Думаю, што іх заўсёды просяць, але ці паслухаюцца яны, не ведаю. У любым выпадку, гэта будзе моцны і круты канцэрт, як заўсёды.

Еўрарадыё: Але ўсё ж хацелася б даведацца пра знаёмства, скажам, малавядомага андэграўнднага беларускага гурта са знакамітым музыкам Сяргеем Шнуравым! Тым больш, што вы не проста іх разагрэеце, раней вы ўжо запісалі сумесную песню, і ўвогуле, Шнураў да вас вельмі цёпла ставіцца.

Яўген Новаш: Гэта яшчэ з часоў маёй прамоўтарскай працы. У свой час у Сілічах мы рабілі рок-фэст “Паляна”, куды мы запрасілі выступіць гурт “Рубль”. Вось там мы і пазнаёміліся. Увогуле, “Рубль” моцна паўплываў на раннюю творчасць “The ЖЗЛ”, і з гэтага неяк і пачалося сяброўства. Нашы першыя гастролі, першы канцэрт на выездзе нам зладзіў Шнураў у 2009-м годзе. Мы гралі два дні ў яго бары “Синий Пушкин” ў Санкт-Пецярбургу.

Еўрарадыё: А як вы ставіцеся да таго, што вас параўноўваюць з “Ленинградом”?

Яўген Новаш: А я і не збіраюся гэтага хаваць, бо “Ленинград” — гэта маё юнацтва, мае 10-11 класы, нулявыя гады… Безумоўна, я слухаю і іншыя гурты і замежныя, і ўвогуле, старыя, і андэграўндныя калектывы, так бы мовіць, савецкага перыяду… Але гэты калектыў на мяне моцна паўплываў. Я скажу, што майку “Ленинград” мне будзе не сорамна насіць, усе астатнія футболкі гуртоў постсавецкай прасторы я ніколі не апрану. І гэтым усё сказана.

Мы пойдзем на эксперымент і выдадзім жывы альбом мінскага гарадскога фальклору

Еўрарадыё: Дарэчы, вы даволі часта выступаеце ў Расіі, а там ўжо на заканадаўчым узроўні забаранілі нецэнзурную лексіку. У вас яна, так скажам, даволі часта сустракаецца…

Яўген Новаш: Сустракаецца, але больш у старой творчасці. Цяпер мы рыхтуем новую праграму, дзе вельмі мала песень з выкарыстаннем нецэнзурных выразаў. Мы сталеем, становімся разумнейшымі, песні робяцца, такімі, больш дарослымі… ды і ў старым рэпертуары ёсць трэкі, дзе няма матаў і быць не можа, бо яны там не да месца. Я ж не ўстаўляю гэтую лексіку наўмысна. Калі яго там трэба ўставіць, то яно ўставіцца. Але, калі спатрэбіцца, то мы можам замяніць іх больш мяккімі словамі. Мы не настолькі вядомыя, каб дыктаваць свае ўмовы арганізатарам.

Еўрарадыё: Калі вы ўжо рыхтуеце новы матэрыял, то калі чакаць выхаду новага альбома, ці сінгла?

Яўген Новаш: Насамрэч, я не студыйны чалавек. Я не магу закрывацца ў гэтым пакоі, калі там няма публікі. Увогуле, “The ЖЗЛ” не той калектыў, які трэба слухаць у запісе. Мне не падабаюцца і не падабаліся ніколі нашы студыйныя запісы, бо там няма той энергетыкі… Тым больш, ёсць людзі, якія пасля праслухоўвання дыска ставіліся да нас скептычна, а потым прыходзілі на канцэрт і казалі: “Выкідайце свае запісы, лепш запішыце жывы альбом!”. І я схіляюся да таго, што мы арэндуем нейкае памяшканне з добрай акустыкай, нацягнем туды апаратуры, правядзем там двое сутак, запішам там кучу дубляў, абярэм лепшае, адмайстарым і выдадзім жывы альбом.

Можа, запросім якіх гледачоў і іх таксама ўключым у запіс. Я за энергетыку, за жывое выкананне. Магчыма, гэта з-за таго, што ў мяне акцёрска-рэжысёрская адукацыя! Маё — гэта сцэна, але ніяк не закрытая прастора. Я адчуваю сябе не ў сваёй талерцы, калі прыходжу запісвацца на студыю. І гэтым усё сказана.

А матэрыялу на дыск ужо хапае. Прычым, ён будзе карэнным чынам адрознівацца ад дэбютнага альбома “Без головы”, дзе даволі шмат рок-н-рола, нават з элементамі нейкага цяжаляка. Гэты дыск будзе больш падобны на нейкі такі мінскі гарадскі фальклор. Не ў сэнсе паездак па бабулях, збірання аўтэнтыкі і перапрацоўкі яе ў рок-н-рол — не! Гэта будзе даволі простая музыка, магчыма, нават дзесьці навеяная Аркадзем Северным. Насамрэч, у нас ёсць такая песня “Водка селёдка”, якая цяпер “на ура” заходзіць на канцэртах і зробленая яна ў такім кабацкім стылі.

Таму мы пойдзем на пэўны эксперымент: рок-н-ролы застануцца ў меншай ступені, граць будзем песні, якія можна лёгка падабраць на гітары любому чалавеку, які сядзіць на студэнцкім сабантуі ці на лаве ў парку і п’е піва. Адпаведна, будзем выкарыстоўваць не толькі электрычныя інструменты, але, напэўна, і кантрабас, і іншыя рэчы. Але будзе гэта, хутчэй за ўсё, ўвесну. Зіма, на мой погляд, мёртвы перыяд, лепш канцэрты пайграць, яшчэ лішні раз парэпетаваць, падрыхтавацца… А выдаць пласцінку ўжо бліжэй да лета.

“The ЖЗЛ” — чыста камерцыйны праект, нават не буду хаваць!

Еўрарадыё: А гэты эксперымент — душэўны парыў, ці камерцыйны ход?

Яўген Новаш: Натуральна, што гэта чыстая камерцыя! Увогуле, “The ЖЗЛ” — гэта чыста камерцыйны праект, нават не буду спрабаваць гэта схаваць. Гэта праект, якім я ў будучым планую зарабляць грошы. То бок, першапачаткова для мяне — дарыць радасць людзям, але, калі ты дорыш радасць людзям, то яны табе ўдзячныя! Таму новыя песні, якія мы робім, заходзяць вельмі добра! Мы іх ужо спрабуем на публіцы, і ўсё кажа, што мы рухаемся ў правільным накірунку.

Еўрарадыё: Праект першапачаткова ствараўся як камерцыйны, ці гэта прыйшло разам з узростам?

Яўген Новаш: Пачыналася ўсё несур’ёзна, як і ў большасці гуртоў. Нешта я ішоў па горадзе і ў мяне нарадзілася назва “The ЖЗЛ”. Я патэлефанаваў свайму сябру, цяпер бэк-вакалісту гурта Мацвею Ілішыну, маўляў, давай збіраць! Мы падцягнулі тых, хто больш-менш умеў граць, і пачалі. Тады пра камерцыю ніхто не думаў. Фактычна, мы пачалі задумвацца пра гэта толькі год таму! Умоўна кажучы, гурту год, мы, дарэчы, яго не так даўно адсвяткавалі.

Але ніякіх бізнэс-планаў у нас няма! Ёсць пэўныя ідэі, думкі, напрацоўкі… Але я разумею, што каб дасягнуць нейкіх камерцыйных поспехаў, у першую чаргу, трэба намацаць свой стыль. Зразумела, што на павальным ракешніку ў нас ніхто цяпер не заробіць. Не тыя часы! Напэўна, у 90-х можна было рабіць усё што захочаш. А цяпер ёсць жа пэўныя рамкі, пэўныя законы, з якімі ў любым выпадку трэба будзе мірыцца. Таму трэба працаваць з тэкстамі, шукаць фірмовы гук і г.д.

Еўрарадыё: То бок па жыцці вы такія, больш рахманыя, пратэстнасці няма?

Яўген Новаш: Не! Але я не ведаю, хто прыдумаў і тое, што мы пратэстны гурт. Ды і што значыць пратэстны? Я пратэстую супраць суму і ныцця! Супраць песень кшталту: У мяне вугры на целе і ўсё жыццё фігня!”, ці “Мне не падабаецца ўлада, бо ў мяне вугры на целе!”. І ўсе слухаюць і плачуць! А чаго плакаць, калі ўсё залежыць выключна ад нас? Мы самі ствараем свой настрой і “The ЖЗЛ” — гурт настрою. Мы смяемся над музыкай, бо ровар даўно ўжо вынайшлі, вынаходзіць ужо няма чаго. Зразумела, што ў наш час можна толькі ці весяліцца, ці плакаць. Ці белае, ці чорнае. Дык вось, я за белае! Таму ў глабальным сэнсе я не пратэстую.

Для мяне, напрыклад, выдатна граць канцэрты і ва Ўкраіне, і ў Расіі. І там, і там прыўкрасная публіка, і там, і там нас выдатна прымаюць. У мяне няма ніякай перадузятасці, што мы туды не паедзем, бо там такая сітуацыя! Я за сяброўства і весялуху.

Не люблю, калі жаляцца і плачуць, няма чаго плакаць, трэба проста граць, і ўсё!

Еўрарадыё: То бок ты не падтрымліваеш тых беларускіх музыкаў, якія перакананыя, што ў нас зарабляць музыкай немагчыма?

Яўген Новаш: І зноў жа, я не хаваю, што знаходжуся ў апазіцыі да нашай беларускай сцэны. То бок я мала з кім маю стасункі, а з кім маю, з тымі мы разам выступаем. Бо яны таксама не парацца, яны вяселяцца, адпачываюць…

Я лічу, што поспех калектыву залежыць ад настойлівасці. Любую папулярнасць трэба выхадзіць! Ёсць у папсе штучна вырашчаныя выканаўцы, якія выбухнулі на месяц-два-тры, і ўсё! А даўгую папулярнасць трэба выхадзіць, трэба ўвесь час прабіваць сцяну, каб нечага дасягнуць. Трэба заўсёды аптымістычна ставіцца да падзеяў. У гэтым, я лічу, і ёсць памылка паважаных беларускіх рокераў — яны песімісты, але чаму, я не разумею!

Можа, проста яны выконваюць такую музыку!? Хоць я не супраць, бо ёсць шмат класных маладых гуртоў! Але я ўвогуле не люблю калі жаляцца і плачуць, няма чаго плакаць, трэба проста граць і ўсё! Не трэба звяртаць увагі на тое, што кажуць крытыкі. Мяне, напрыклад, увогуле гэта мала цікавіць. Я лічу, што часам адмоўная крытыка лепш за станоўчую. Ёсць маса сусветных прыкладаў, калі крытыкавалі, а цяпер лепшыя альбомы. Напрыклад, тыя ж The Doors.

То бок гурт “The ЖЗЛ” — такія дрэнныя хлопцы з добрымі сэрцамі і ў дадатак прыгожыя знешне. То бок мы і не спрабуем падавацца харошымі, але мы вясёлыя. Кожны наш канцэрт — гэта асобнае шоў, якое не плануецца загадзя.

Еўрарадыё: А шоў, на тваю думку, трэба рыхтаваць загадзя? Ці для першапачатковага развіцця хапае і проста чатырох музыкаў, якія стаяць на сцэне?

Яўген Новаш: Мы не робім ні заднікаў, ні пярэднікаў на сцэне. Пакуль мы карыстаемся і святлом і гукам, які нам прапануе пляцоўка. Зразумела, што калі мы дасягнем узроўню пяці тысяч чалавек, то спатрэбяцца плазменныя экраны і нейкія інсталяцыі. Але пакуль нам гэта непатрэбна. Нам пакуль хапае саміх сябе.

The ЖЗЛ” — гэта толькі 50% музыкі, астатняе — акцёрская гульня, гратэск. Мы ёрнічаем, размаўляем з гледачом і г.д. У рэжысуры ёсць такая рэч, як актывізацыя гледача. Шмат хто з беларускіх музыкаў прыйшоў, адыграў роўненька, пастаяў і сышоў — у гэтым таксама іх праблема. Гледачу таксама ўпрыкол паспяваць з табой, яго таксама трэба зацікавіць. Напрыклад, мы заўсёды граем “на біс”. У нас гэта такі караоке-біс. Гэта дзіка заходзіць народу.

То бок не бабкі трэба шукаць! Не з гэтага пачынаць трэба! Ні адна сусветна вядомая каманда не пачынала з таго, што шукала грошы, мне падаецца. Бабкі іх самі знайшлі! Таму я лічу, што не трэба плакаць, трэба проста быць на сцэне жывымі.

Мінск — самы класны горад для творчасці!

Еўрарадыё: Ты бачыш сябе музыкам тут, ці ўсё ж плануеш пераехаць?

Яўген Новаш: Нікуды не збіраюся! Я не думаю ні пра Еўропу, ні пра Амерыку. Хіба толькі, на Брайтан-Біч з’е’дзіць выступіць для расійскамоўнага насельніцтва. То бок мы робім музыку для постсавецкай прасторы, а жыць будзем тут, у Беларусі. Тут прыўкрасная публіка, нам вельмі падабаецца тут граць. У Гомелі ў нас выдатныя канцэрты.

Увогуле, Мінск — самы класны горад для творчасці. Тут даволі залагоджаная атмасфера, якая спрыяе творчасці. Тут усё ж існуюць пэўныя рамкі неўсёдазволенасці, а гэта толькі на карысць, мне падаецца. Я не збіраюся нікому навязваць свае думкі, але мне тут камфортна, мне тут вельмі падабаецца.

Еўрарадыё: Дарэчы, а вы працуеце, ці жывяце выключна за музыку?

Яўген Новаш: Не, я ж увогуле лайдак. Жыву толькі за музыку і часам прамоўшанам займаюся. Для мяне праблемы сарвацца ў любы час дзеля гурта не існуе. Але астатнія музыкі працуюць. Мы ж не атрымліваем вялікія ганарары.

Але ў гурце сапраўды ідэйныя музыкі, якія гатовыя кінуць свае дадатковыя заробкі. Яны могуць сарвацца з працы і паехаць куды трэба. Потым будуць атрымліваць люлей, але гэта не важна. І за гэта ім асобны шчыры дзякуй. Гэта як адзін з музыкаў Kiss сказаў: “Сабраць добры калектыў, гэта як знайсці добрую жонку!”. Трэба шмат папрацаваць, каб потым атрымаць адпаведныя вынікі. Таму мне са складам пашанцавала!

Бліжэйшыя канцэрты:

Нагадаем, што бліжэйшы выступ гурта “The ЖЗЛ” — сольнік 22 жніўня ў Гомелі (клуб “Квартирник”), 12 верасня выступ разам з Neuro Dubel у Віцебску (клуб “Чердачок”), 19 верасня ў сталічным Doodah King Bar разам з Міхеем Насарогавым & Ko ды невялікі сэт на разагрэве ў “Ленинграда” ў мінскім Палацы Спорту 23 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі