Змены ў адукацыі: што думаюць выкладчыкі ВНУ і школьнікі

Змены ў адукацыі: што думаюць выкладчыкі ВНУ і школьнікі

Сённяшні вучань шостага класа можа рыхтавацца да зменаў у сістэме паступлення ў ВНУ. У 11-м класе яго акрамя ўнутранага іспыту ў школе, цэнтралізаванага тэставання будзе чакаць яшчэ і іспыт ва ўніверсітэце.

З падобнай прапановай выступае Міністэрства адукацыі. Змены запрацуюць з 2022-га года. Яшчэ да анансаваных рэформаў кіраўнік краіны заявіў, што "пры тэставанні мы не бачым чалавека, не бачым палёту думкі, яго разважанняў".

“Да канца незразумела, як гэта будзе, таму нельга сказаць “за” мы ці “супраць”, — кажа намеснік дэкана факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Аляксандр Бобр. — Як правіла, тыя, хто паступаюць з высокімі баламі на тэставанні, вучацца добра. Яны на галаву мацнейшыя за іншых. Тэсты сапраўды абіраюць больш моцных. Калі ў чалавека 360 балаў, то ён пасля добра здае сесію”.

Дарэчы, прахадны бал на філасофію сёлета на гэтым факультэце быў 319 балаў з 400 магчымых.

Да канца незразумела, што папануе Мінадукацыі: унутраны іспыт толькі для гуманітарыяў ці для дакладных навук таксама. Выкладчык Тэхналагічнага ўніверсітэта і кіраўнік кафедры Сяргей Вятохін лічыць, што для “тэхнароў” тэставання дастаткова.

“Не бачу патрэбы ў асобным іспыце па тэхнічных спецыяльнасцях. Натуральна, калі трэба будзе ўкладвацца ў нейкую агульную схему, то можна праверыць нейкую схільнасць абітурыентаў да такіх навук. Методыкі ёсць. Але па нашых спецыяльнасцях асобная форма сумоўя шмат нам не дадасць”.

Адназначна за сумоўе выступае прарэктар па вучэбнай працы Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Мікалай Бузук.

“Сістэма тэставання здымае напружанасць суб’ектыўнага фактара, калі нехта можа мець зацікаўленасць. Напрыклад, хоча чалавек стаць філолагам, а пісаць не ўмее, а тэст напісаў. Ад тэставання не варта адмаўляцца. Але сёння факт праходжання тэставання ставіцца ў кут працы ўсяго калектыву школы. Задача школы — даць выпускніку сістэму ведаў, а не нацягваць яго на тэставанне”, — мяркуе прарэктар.

Выпускніца мінскай школы Дар’я ў наступным годзе плануе паступаць на юрыста ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Пакуль ёй давядзецца здаваць тры тэставанні (беларускую або рускую мову на выбар, англійскую і грамадазнаўства). Ісці на сумоўе, калі б была такая магчымасць, дзяўчына не хоча.

“Для тэставання можна завучыць нейкія азначэнні. Тым больш, што на сумоўі могуць пачацца праблемы, бо ў абітурыентаў жа ёсць бацькі, у бацькоў сваякі. Тут могуць быць факты карупцыі. Хоць я разважаю добра і мне магло б у нейкім выпадку сумоўе дапамагчы”.

“На тэставанні спакойна робіш тэст, а на сумоўі людзі пачнуць нервавацца, нешта забываць. Калі чалавек суперкамунікабельны, то для яго сумоўе — добра. Але я такіх людзей амаль не ведаю”, — выказваецца абітурыент Максім, які хоча паступіць у БДУ.

Настаўніца і рэпетытар абмяркоўваюць ідэю Лукашэнкі замяніць ЦТ на сумоўе

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі