Знойдзены спіс забойцаў князя Андрэя Багалюбскага, сярод іх — Амбал (фота)
Расійскія навукоўцы знайшлі спіс забойцаў князя Андрэя Багалюбскага. На яго натрапілі падчас рэстаўрацыі Спаса-Прэабражэнскага сабора ў Пераслаўлі-Залескім. Надпіс быў зроблены на паўднёвай абсідзе храма, паведамляе Meduza.
Гэта сапраўдная сенсацыя, самы старажытны датаваны пісьмовы помнік "Паўночна-Усходняй Русі". Князь Андрэй Багалюбскі быў забіты ў 1174 годзе. У спісе забойцаў каля 20 чалавек. Трох іх згадвалі і летапісы — Пётр Кучкоў, Амбал (летапісцы называлі яго "Анбалам") і Якім. Частка надпісу страчана, захаваліся таксама тры імя, якія дагэтуль не былі вядомыя — Іўка, Петрка і Стырата.
Уладзімірскі князь Андрэй Багалюбскі быў сынам Юрыя Даўгарукага і палавецкай князёўны. Пры ім Уладзімірска-Суздальскае княства дасягнула значнай магутнасці. Ён адзначыўся тым, што ў 1169 годзе захапіў і разрабаваў Кіеў. Быў забіты ў Багалюбаве сваімі бліжэйшымі паплечнікамі. РПЦ прылічыла яго да ліку святых.