27-гадовы выкладчык мінскага каледжа асуджаны на 4 гады калоніі за хабар
16 снежня ў судзе Заводскага раёна Мінска абвешчаны прысуд па справе былога выкладчыка аднаго са сталічных каледжаў, які абвінавачваецца ў атрыманні хабараў.
Педагога асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем на пяць гадоў права займаць пасады арганізацыйна-адміністрацыйнага характару.
Па дадзеных следства, 27-гадовы выкладчык спецыяльных дысцыплін больш чым год вымагаў у навучэнцаў грошы за добрыя адзнакі за іспыты і лабараторна-практычныя заняткі.
Паводле дадзеных следства больш за дзесяць вучняў на рэгулярнай аснове перадавалі абвінавачанаму незаконнае ўзнагароджанне ў рублях і валюце. Памеры хабараў складалі ад 150 тыс рублёў да 100 долараў.
У чэрвені бягучага года супрацоўнікі міліцыі затрымалі выкладчыка з доказамі злачынства пры атрыманні хабару ад групы навучэнцаў больш чым на 3,8 млн рублёў, паведамляе БелаПАН.
Фота: belive.ru