300 тысяч украінцаў з чорнага спісу Расіі могуць прыехаць у Беларусь легальна

300 тысяч украінцаў з чорнага спісу Расіі могуць прыехаць у Беларусь легальна

Каля 300 тысяч украінцаў не змогуць патрапіць у Беларусь. Наша краіна да іх не мае ніякіх прэтэнзій. Усё таму, тлумачыць міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, што гэтыя украінцы знаходзяцца ў ліку неўязных у Расію. А спіс такіх людзей ў нас агульны, расійска-беларускі.

Спісы неўязных нашы краіны аб’ядналі адпаведным пагадненнем у канцы 2015 года, каб непажаданыя ў Расіі людзі не трапілі туды праз адкрытую беларуска-расійскую мяжу. Вось толькі мяжа гэтая фактычна была адноўленая: з 8 лютага Расія ўвяла на мяжы з Беларуссю рэжым памежнай зоны. Усіх замежнікаў расійскія памежнікі разварочваюць ў бок бліжэйшага міжнароднага пункту пропуску. Прадстаўнік ФСБ абяцаў Еўрарадыё, што адмысловыя патрулі будуць нават на лясных дарогах.

Калі пашпартны кантроль на мяжы адноўлены, то чаму беларусы па-ранейшаму не пускаюць у Беларусь украінцаў з расійскага “чорнага спісу”?

Расійскія памежнікі не ў стане перакрыць беларуска-расійскую мяжу цалкам ― каб ніхто не мог праскочыць, тлумачыць начальнік беларускага Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун:

“Кантроль не татальны.  Тысяча дарог паміж Беларуссю і Расіяй. Мы неяк спецыяльна лічылі. Колькі яны пастоў там выставяць? Да ўсяго, ёсць жа міжнародныя абавязальніцтвы, якія мы павінны выконваць”.

Тым не менш, грамадзяне Украіны з расійскага спісу неўязных усё ж могуць патрапіць у Беларусь без праблем з нашымі праваахоўнымі органамі. Але пра гэта неабходна паклапаціцца загадзя.

Бягун: “Паводле пагаднення з Расійскай Федэрацыяй, нам неабходна прыняць рашэнне аб яго допуску (грамадзяніна Украіны з расійскага чорнага спісу ― Еўрарадыё) яшчэ да ўезда на нашу тэрыторыю. Таму такі чалавек мусіць загадзя напісаць адпаведны зварот. Маўляў, я еду на такое вось мерапрыемства, можна мне ўехаць? Гэты механізм працуе. Калі кампетэнтныя органы Беларусі знаходзяць падставы для ўезда гэтай асобы, яго інфармуюць і перадаюць інфармацыю ва ўсе астатнія кампетэнтныя органы”.

Такога чалавека папярэджваюць аб крымінальнай адказнасці ў тым выпадку, калі ён апроч Беларусі, паедзе яшчэ і ў Расію. І ўсё!

Па словах Бегуна, механізм атрымання такога дазволу людзьмі з чорнага спісу працуе з канца 2015 года і ўжо многа грамадзян Украіны прыехала ў нашу краіну менавіта такім чынам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі