Абаронцаў "Азоўсталі" абмянялі на "кума Пуціна"

Вызваленыя з расійскага палону ўкраінцы / СБУ

21 верасня Украіна вызваліла з расійскага палону 215 чалавек. Як удакладняе hromadske.ua, сярод вызваленых — 108 байцоў "Азова", у тым ліку 5 камандзіраў з "Азоўсталі". Узамен за іх Расіі перадалі Віктара Медведчука ("кума Пуціна") і 55 акупантаў.

"Сёння нам удалося вызваліць 215 з рускага палону нашых людзей, сярод якіх 124 афіцэры. Гэта самы магутны вынік, які мы дасягнулі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі", — заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.

Па словах Ермака, 200 украінскіх вайскоўцаў абмянялі на Медведчука, які ўжо даў усе магчымыя паказанні следству. А пяць камандзіраў з "Азоўсталі" абмянялі на 55 расійскіх палонных.

Раней Уладзімір Зяленскі прапаноўваў абмяняць Медведчука на палонных украінцаў. Аднак прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што такога абмену не будзе. Медвядчук — самы вядомы прарасійскі палітык ва Украіне. Яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе.

Пяцёра вызваленых камандзіраў цяпер знаходзяцца ў Турцыі пад гарантыямі абароны і бяспекі прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана. Зяленскі паведаміў, што яны застануцца ў Турцыі да канца вайны. Гэта Дзяніс Пракапенка, Сяргей Валынскі, Святаслаў Паламар, Дзяніс Шлега, Алег Хаменка.

Таксама сярод вызваленых 10 замежнікаў, якія ваявалі за Украіну, і якім пагражалі смяротным пакараннем. Гэта прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі, Харватыі і Швецыі. Іх адправілі ў Саудаўскую Аравію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.