"Абвостранае пачуццё справядлівасці". Выйшла інтэрв'ю Ізраілевіча перад арыштам
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч тлумачыць скандалы вакол сваёй асобы сваім абвостраным пачуццём справядлівасці. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю YouTube-каналу "Баранцава. Інтэрв'ю".
Відэаролік быў запісаны 17 кастрычніка — за два тыдні да затрымання Ізраілевіча. Апублікаваны ён 9 лістапада.
Вялікая частка гутаркі прысвячалася скандалу вакол рэстарана "Поедем поедим" каля Курапатаў. Ізраілевіч у чарговы раз абверг звесткі, быццам ён валодае гэтым рэстаранам. Па яго словах, бенефіцыярамі рэстарана з'яўляюцца "два амерыканцы, пара расіян". А Леанід Зайдэс, па словах Ізраілевіча, кіруе ўстановай. Пры гэтым Ізраілевіч дадаў, што ўсе ўладальнікі рэстарана — яго сябры.
Бізнэсовец не бачыць нічога амаральнага ў будаўніцтве забаўляльнай установы каля месца масавых расстрэлаў. Ён лічыць, што канфлікт можна хутка ўлагодзіць і зрабіць там турыстычную кропку.
Скандалы вакол сваёй асобы ён тлумачыць сваім абвостраным пачуццём справядлівасці. "Калі ёсць магчымасць паваяваць за законныя правы, то я заўсёды ваюю", — заявіў Ізраілевіч.
Разам з тым ён заявіў, што падчас скандалу вакол Курапатаў сутыкнуўся з антысемітызмам. "Калі я спрабаваў у сацсетках, у чатах адстаяць свой пункт гледжання, то ў кожнай другой рэпліцы пісалі, маўляў, "морда жыдоўская, куды лезеш, едзь у свой Ізраіль".
Сёння Ізраілевіч з'яўляецца саўладальнікам групы кампаній "ІВ", якая пабудавала шэраг бізнес-цэнтраў і жылых дамоў у Мінску. Таксама ён мае долю ў асфальтабетонным заводзе ў Мінску.
31 кастрычніка з'явіліся звесткі пра затрыманне бізнэсоўца — нібыта па абвінавачанні ў дачы хабару. Некалькі дзён не было інфармацыі пра тое, якая структура яго затрымала. Пазней стала вядома, што Ізраілевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ, аднак гэтая спецслужба не каментуе сітуацыю.