Афіцыйны Мінск хоча ўдзельнічаць у перамовах па Украіне
Сяргей Алейнік
Афіцыйны Мінск спадзяецца, што перамовы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне адновяцца. І пры гэтым Беларусь бачыць сябе часткай гэтага працэсу. Пра гэта ў інтэрв'ю РІА "Новости" заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік.
Ён падкрэсліў, што перамовы павінны аднавіцца "ў правільным фармаце".
"Будзем спадзявацца, што рана ці позна гэтыя перамовы адновяцца, але яны адновяцца сапраўды ў правільным фармаце, паміж Расіяй і Украінай, натуральна. І мы сябе бачым часткай гэтага працэсу, бо гэты канфлікт непасрэдна закранае і Беларусь", — паведаміў лукашэнкаўскі дыпламат.
Ён дадаў, што афіцыйны Мінск гатовы прыняць такія перамовы на сваёй тэрыторыі.
Заява была зробленая на фоне падрыхтоўкі ў Швейцарыі канферэнцыі наконт міру ва Украіне. Ні Расія, ні Беларусь да ўдзелу ў ёй не запрошаныя. Арганізатары канферэнцыі хочуць сабраць на ёй каля сотні краін. Асноўнай тэмай абмеркавання будзе мірная формула прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.