Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі (фота)

Как живут люди в Кибере, Кения
Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі (фота)

Замежнікам не раяць хадзіць у Кіберу нават днём. Мы вельмі доўга сумняваемся, ці варта ехаць туды. Калі нам кажуць, што давядзецца наймаць паліцыю для бяспекi, становіцца зусім не па сабе. Не проста так у элітных раёнах Найробі платы пад электрычнасцю. Але вырашаем ехаць — усе каштоўныя рэчы пакідаем ў гатэлі і таксі адвозіць нас у невядомым накірунку.

Таксіст падвозіць нас да увахода ў трушчобы, але просіць не выходзіць з машыны, пакуль не прыйдзе мясцовы журналіст і фатограф Браян Інганга. Ён нарадзіўся і вырас у Кіберы.

Браян нас забірае, ідзем у Кіберу, сустракаемся з мясцовым хлопцам. Ён будзе нас суправаджаць у трушчобах.

“Наш праваднік кажа, што мы можам не плаціць узброенай ахове, і што з ім будзе бяспечна. І мы можам ісці так. Я нарадзіўся тут. Цяпер жыву на іншым баку, недалёка адсюль, але таксама ў Кіберы. Мая сям’я жыве тут”, — распавядае Браян пакуль мы прабіраемся па вузкіх вулачках, дзе нельга размінуцца двум чалавекам, а проста пад нагамі цячэ прыкрытая тонкімі дошкамі і бярвеннямі каналізацыя, куды вельмі страшна праваліцца. Браян паказвае на абмазаныя глінай вялікія будкі.

Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі (фота)
У канаве цячэ каналізацыя

“Гэта ўсё жылыя дамы. У кожным жыве сям’я, адна, потым другая, яшчэ сям’я. Яны жывуць у пакоях 10 на 10 метраў. Маці, бацька, дочкі і сыны. Маюць дзверы з дошак, у доме дыванкі і матрацы, якія скручваюцца на дзень, і на якіх спяць уначы. Апошнія 25 гадоў я праходзіў увесь гэты шлях. Спачатку па дарозе ў пачатковую школу 8 гадоў, а потым ў сярэднюю 6 гадоў. Я ўсё жыццё тут хадзіў. Гэтыя чувакі як сям’я мне”.

Выходзім на шырокую вуліцу. Тут на кожным кроку розныя крамы, людзі гатуюць ежу. Прадаюць вопратку, мабільнікі, абутак — набыць можна ўсё што захочаш. Мясцовы праспект Незалежнасці. Нашы тэлефоны таксама маглі б хутка тут прадавацца, калі б не суправаджэнне.

“Яны рабуюць не таму, што хочуць быць рабаўнікамі. А таму, што хочуць нешта пакласці на стол. Я не магу вінаваціць іх. Бо тут няма працы”, — тлумачыць мясцовае стаўленне да прыватнай уласнасці Браян.

У большасці дамоў (калі іх так можна назваць) Кіберы няма каналізацыі, вады і электрычнасці. Людзі прыязджаюць у Найробі з розных кутоў Кеніі, каб знайсці працу. Селяцца яны ў Кіберы, бо тут можна танна зняць жыллё. Іншага выйсця яны не маюць — грошай на нармальнае жыллё няма, а там, адкуль яны прыехалі, няма працы.

“Мае бацькі прыехалі сюды з зямлі продкаў. Яны прыехалі шукаць працу і грошы, таму што тут ёсць малая індустрыя. Шмат людзей едзе ў Кіберу з земляў продкаў. Бо тут можна танна зняць жыллё і распачаць шмат малых бізнэсаў. Калі ў цябе няма грошай, ты можаш спыніцца тут. Многія людзі жывуць на долар у дзень. Я плачу за свой дом 10 тысяч шылінгаў (100 долараў), а мае бацькі — тысячу (10 долараў) за месяц”.

У Кіберы дамы здаюць так званыя “хаўз-картэлі”. Адзін уладальнік можа мець па 50 дамоў. За месяц з аднаго дома ён збірае ад 50 тысяч шылінгаў. Гэта 500 долараў. Але некаторыя маюць больш — Кібера шмат каго зрабіла багатым.

“У маім доме ёсць вада. Але ў маіх бацькоў няма. Усё ў Кіберы нелегальнае. У нас ёсць картэлі, якія плацяць за электрычнасць кенійскай энергетычнай кампаніі, а потым ужо перапрадаюць электрычнасць жыхарам дамоў, і гэта таксама бізнэс”.

Тое самае з вадой. Картэлі набываюць яе кубамі у дзяржавы, а потым прадаюць жыхарам Кіберы, але ўжо літрамі. І таксама маюць з гэтага вялікія грошы.

Некаторыя мясцовыя жыхары самастойна праводзяць сабе электрычнасць, накідваючы дрот на слупы. Вядома, нелегальна.

Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі (фота)

Выходзім да чыгункі, вакол якой разраслася Кібера. Чыгнука ідзе проста сярод дамоў, да іх толькі некалькі метраў. Па рэйках ходзяць людзі, гуляюць дзеці. На цёплых шпалах спяць мясцовыя сабакі.

“Чыгунка дзейнічае. Кожныя 2-3 гадзіны тут праходзіць таварны цягнік з Найробі ва Уганду, у Кампалу. Вы можаце бачыць, як блізка крамы ад чыгункі. Гэта вельмі небяспечна. Часам, калі ідзе цягнік, людзі атрымліваюць траўмы ці гінуць”.

Дамы хочуць прыбраць на некалькі метраў далей ад чыгункі, але людзі згубяць жыллё і бізнэс. Канешне, гэта больш бяспечна, але многім людзям не будзе, чым зарабіць на штодзённы хлеб.

Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі (фота)

Ідзем па чыгунцы, ўсе людзі звяртаюць на нас увагу. Праваднікам пастаянна даводзіцца нешта тлумачыць мінакам і казаць, што мы сябры. Але ў пэўны момант нас спыняюць.

“Сюды мы не пойдзем, бо далей вельмі небяспечна. У глыбіні Кіберы шмат беспрацоўных, і калі ты маеш нешта каштоўнае, то, магчыма, гэта забяруць. У гэтай частцы Кіберы, дзе мы цяпер, побач ёсць паліцэйскі участак, і тут бывае паліцыя. Але далей участкаў няма, і копы туды не ходзяць”.

Назад вяртаемся іншым шляхам. Вакол смурод. Гэты пах цяжка перадаць словамі. Каналізацыя, якая цячэ пад нагамі і пыл, змяшаны з пахамі ежы. Пад чыгункай цячэ рэчка. Нібы рэчка. Але бачна, што ў яе сцякае амаль уся мясцовая каналізацыя.

Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі (фота)

У Кіберы няма дзяржаўных клінік. Ёсць адна ў суседнім раёне. Таму большасць жанчын нараджае проста тут, у гэтых будках. Тут жа у будках людзі і паміраюць, бо не паспяваюць дайсці да ўрача. “Хуткія” ў Кіберу не ездзяць.

“Цяпер людзі паміраюць ад халеры. У нас каля 20 чалавек загінула ад халеры. І яны памерлі, бо шпіталь далёка. За той час, пакуль яны дабіраюцца да яго, іх ванітуе, пачынаецца дыярэя, стан моцна пагаршаецца і застаецца вельмі мала шанцаў выжыць”.

Палітыкі пралятаюць над Кіберай на самалётах — тут з аднаго боку аэрапорт, а з іншага — гольф-клуб для багатых. За апошнія некалькі гадоў урад распачаў праект, па якім пабудавалі некалькі дарог і платных туалетаў. Раней людзям даводзілася хадзіць у туалет на вуліцы, ці ў пластыкавыя пакеты, а потым выкідаць іх. На тую ж вуліцу. Хаця і цяпер не ўсе карыстаюцца платнымі туалетамі. Ля чыгункі, дзе мы ідзем, пластыкавыя пакеты і смецце ужо сталі часткай ландшафту.

“Адзіная дапамога, якую дае ўрад, гэта калі прыходзіць сюды па галасы перад выбарамі. Але цяпер прадстаўніка урада тут не пабачыш. У нас ёсць член парламента, але ён ніколі не бывае ў Кіберы. Палітыкі прыходзяць сюды перад выбарамі, а пасля выбараў у парламент іх тут не пабачыш 5 гадоў”.

Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі (фота)

У Кіберы жывуць збольшага кенійцы, якія прыехалі з так званых земляў продкаў — рэзервацый. І штогод сюды прыязджаюць новыя людзі. Кібера расце, ніхто не ведае, колькі дакладна чалавек тут жыве.

“Кібера — гэта ўнівер для мяне. Ты павінен вырашыць, што будзеш рабіць у будучыні. Калі ты факусуешся на тым, што так, я нарадзіўся тут, але ў будучыні я не хачу тут заставацца, то ты з’едзеш. Але калі ты думаеш, што бог мяне сюды прынёс і гэта маё месца, калі такія думкі — ты ніколі не вырвешся адсюль”, — кажа Браян. Ён знайшоў сабе працу і перасяліўся з трушчобаў. Але ў Кіберы дагэтуль з ім многія вітаюцца, малодшых абдымае сам і гладзіць па галаве як родных братоў.

“Гэта кампус. Тут мы ўсе разам як браты і сёстры. Вы бачылі, што многія віталіся са мной, бо мы вучыліся разам і гулялі ў футбол. Паміж сабой мы размаўляем на суахілі, а ў Кіберы яшчэ і маем свой слэнг”.

Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі (фота)

Мы праходзім міма сярэдняй школы, тут дзеці гуляюць у футбол, але калі заўважаюць нас з камерай, то радасна падбягаюць павітацца. З панядзелка па пятніцу яны вучацца ў школе, а на выходных у царкоўнай школе. Тут шмат цэркваў арганізаваных у звычайных хіжынах.

“А вось гэта мая пачатковая школа, — кажа Браян— самая старая школа ў Кіберы. Яна была адчыненая каралевай Англіі Елізаветай. Я тут вучыўся 8 гадоў і атрымаў добры вопыт, і ўдзячны за гэта”.

Пачатковая прыватная школа. Так у Кіберы ёсць і такія, бо месцаў у дзяржаўных усім не хапае. Прабіраючыся праз брудныя вузкія праходы, трапляем да металічнай брамы. За ёй сустракае натоўп малых, якія радасна крычаць, абступаюць, кожны вітаецца за руку: “Як справы? Прывітанне!”.

Тут вучыцца 263 дзіцяці. Грошы на існаванне школы даюць бацькі.

“Мы вывучаем матэматыку, англійскую, прафесійнае арыентаванне сярод іншых прадметаў. У нас 9 настаўнікаў, яны ўсе тут. Мы маем невялікую бібліятэку. Але вы ж чулі, колькі у нас вучняў, вядома, што гэтых кніг не хапае”, — праз дзіцячыя крыкі ледзь чуваць словы дырэктара школы.

Дырэктар просіць пакінуць запіс ў кнізе ганаровых гасцей. Пішам: “Мінск, Еўрарадыё. У вас цудоўныя дзеткі вучацца”. Але пакідаем іх з вельмі цяжкім ўражаннем, бо не вядома, які лёс іх чакае ў гэтым жорсткім месцы з нелегальным алкаголем, наркотыкамі і СНІДам.

Браян распавядае, што ў глыбіні Кіберы адбываюцца вельмі жахлівыя рэчы. Да іх даходзіць інфармацыя пра згвалтаванні дзяцей бацькамі

Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі (фота)

Гэта часта адбываецца там, дзе няма паліцыі. Уявіце сябе, што адчувае жанчына, калі ведае, што дачку згвалтавалі, а злачынца не пакараны і не сеў у турму. І штодзень бывае ў доме

Браян Інганга

Выходзім у іншы раён Кіебры і не адразу разумеем, чаму наш праваднік вельмі просіць тут не здымаць. Гэта раён, дзе жывуць нубійцы — мусульмане. Увогуле, яны першыя прыехалі жыць у Кіберу. Назва раёна паходзіць ад нубійскага слова "кібра" (лес ці джунглі). Бо раней тут быў лес, які засялілі нубійцы з Судана. Яны прыязджалі ваяваць супраць калоніі і аселі тут. І цяпер гэта іх дом. Калі вы чулі пра Кіберу, то павіны былі чуць пра нубійцаў.

Адзіны кадр, які тут атрымліваецца зрабіць — фота самай старой мячэці. Хуткае фатаграфаванне, як кажа наш гід.

Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі (фота)

Добраўпарадкаванне Кіберы дзяржава пачала толькі ў апошнія гады. Арганізавалі праект, па якім будуюць туалеты, дарогі і дрэнажныя сістэмы. Гэта першае, што зрабіў урад для мільёна жыхароў трушчобаў за усе 50 гадоў незалежнасці Кеніі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі