Алекс Гальчанюк: “Мне ніхто не прапаноўваў гуляць за беларускую зборную”

Беларускі нападаючы зборнай ЗША дапамог амерыканцам разграміць Расію ў чвэрцьфінале чэмпіянату свету па хакеі. Форвард “Манрэаль Канадыенс” Алекс Гальчанюк, сын вядомага ў мінулым нападаючага зборнай Беларусі Аляксандра Гальчанюка, закінуў шайбу, аддаў галявую перадачу і завяршыў матч з каэфіцыентам карыснасці +1.


Сам нападаючы гаворыць, што лічыць сябе больш амерыканцам, чым беларусам. Яшчэ год таму ў інтэрв’ю “Прэсболу” ён са здзіўленнем адзначаў, што прадстаўнікі беларускай федэрацыі ніколі не выходзілі з ім на сувязь і не прапаноўвалі выступаць за Беларусь.


“Мне ніхто не прапаноўваў гуляць за беларускую зборную. За ўвесь час я не размаўляў ні з адным з кіраўнікоў вашай федэрацыі. Прызнацца, такое стаўленне дзіўнае. Усе ведаюць, што праводжу летам у Мінску па паўтара-два месяцы, але тым не менш ніхто не знайшоў час хоць бы выйсці на сувязь. Ну што ж, не трэба так не трэба. Тым жа расіянам я не адказаў адмовай, проста даў згоду амерыканцам. Ні з кім не раіўся — сам прымаў рашэнне гуляць за Беларусь…, ой за ЗША. Усё ж Амерыка — мая радзіма”.


Пра сітуацыю са сваім сынам у інтэрв’ю таму ж “Прэсболу” выказваўся вядомы ў мінулым нападаючы зборнай Беларусі Аляксандр Гальчанюк:


“Я беларус, мая жонка – беларуска, бацькі мае і яе – беларусы. Алекс кожны год бывае ў Мінску. Калі я гуляў у Магілёве, ён жа таксама быў заяўлены! У “Юнацтве” некалькі разоў трэніраваўся летам. Тым больш дзіўна, што з беларускай федэрацыі – ні слыху ні дыху. Тое ж мінскае “Дынама” чамусьці не задрафтавала хлапчука, а “Атлант” праявіў зацікаўленасць”.

Фота yimg.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі