Аляксандр Фядута пакідае кампанію "Гавары праўду"
Але застаецца прыхільнікам Уладзіміра Някляева.
Пра гэта ён заявіў у сваім блогу на Livejournal. Фядута адзначыў, што 10 студзеня Някляеў нарэшце пагадзіўся вызваліць яго ад абавязкаў свайго намесніка. "Прашу нікога не шукаць якіх-небудзь падтэкстаў: я ўжо год не мог выконваць свае абавязкі ў сувязі з прафесійнай занятасцю, а таксама ўзмоцненай працай па завяршэнні доктарскай дысертацыі. Дый здароўе пакідае жадаць лепшага",— зазначыў Фядута.
Ён выказаў падзяку рэгіянальным кіраўнікам кампаніі. Акрамя таго, Фядута заявіў, што застаецца прыхільнікам Някляева і гатовы прыняць пасільны ўдзел у яго прэзідэнцкай кампаніі, калі ён вырашыць балатавацца ў 2015 годзе і пакліча яго: "Іншага кандыдата я па-ранейшаму не бачу. І з іншым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ў 2015 годзе я працаваць не буду".