Аляксандр Глеб у чацвёрты раз вярнуўся ў БАТЭ
Аляксандр Глеб у чацвёрты раз вярнуўся ў БАТЭ. Самы вядомы беларускі футбаліст, які з мінулага лета не меў клуба, падпісаў кантракт з барысаўчанамі (“прыняў рашэнне зноў далучыцца да БАТЭ — клуба, які даў яму пуцёўку у жыццё”), паведамляе іх афіцыйны сайт.
Глебу 36 гадоў. Ён гуляў за БАТЭ ў 1999-2000 гадах, пасля чаго пачаў сваё падарожжа па Еўропе. Спачатку быў “Штутгарт”, пасля — “Арсенал”, “Барселона”. У БАТЭ паўабаронца вяртаўся ў 2012-м, 2015-м і 2016-м гадах, з пераменным поспехам дапамагаў камандзе ў еўракубках. Летась Аляксандр таксама хацеў вярнуцца, каб згуляць у складзе барысаўчан супраць лонданскага “Арсенала”, але тагачасны галоўны трэнер Аляксандр Ермаковіч быў супраць. Новы галоўны трэнер БАТЭ Алег Дулуб вырашыў, што Глеб можа ўзмацніць каманду.
Нядаўна Аляксандр Глеб няўдала спрабаваў працаўладкавацца ў Казахстане — кантракт з “Кайратам” так і не быў падпісаны. На футбаліста прэтэндавалі некалькі беларускіх клубаў. Відаць, найлепшыя ўмовы змог прапанаваць ФК БАТЭ.