Аляксандр Іваноў (IVAN) — прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2016"
Аляксандр Іваноў (IVAN) з песняй "How to Fly" ("Як лётаць") прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2016". Такое рашэнне прынялі гледачы, якія сёлета атрымалі права самастойна выбраць беларускага ўдзельніка міжнароднага конкурса песні. Па выніках галасавання IVAN набраў 23 167 галасоў гледачоў. На другім месцы — Вольга Шыманская (Napoli) — 22 399 галасоў, на трэцім — Кірыл Ермакоў з 13 555 галасамі.
Песню для Аляксандра Іванова напісаў кампазітар Віктар Дробыш (той самы, які летась атрымаў ордэн Скарыны з рук Аляксандра Лукашэнкі). Дробыш — прадзюсар Іванова.
IVAN — беларускі выканаўца, які ўжо "засвяціўся" на расійскіх тэлеканалах. Між іншым, перамог у конкурсе "5 зорак", быў суперфіналістам "Галоўнай сцэны". Ён — ураджэнец Гомеля, яму 21 год.
Фінал нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурса песні "Еўрабачанне-2016" прайшоў увечары 22 студзеня ў жывым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24". У ім паўдзельнічалі 10 выканаўцаў, большасць з іх — маладыя артысты, сярод якіх ёсць і пачаткоўцы.
"Еўрабачанне-2016" пройдзе ў Стакгольме ў траўні.