Аляксей Лявончык: “Беларусь нікому не патрэбная. І гэта нармальна”

Аляксей Лявончык: “Беларусь нікому не патрэбная. І гэта нармальна”

Украіна будзе гандляваць з тым, хто ў Беларусі будзе пры ўладзе, лічыць заснавальнік фонду ўзаемадапамогі Аляксей Лявончык, падмацоўваючы сваю думку пра тое, што “Беларусь нікому не патрэбная”. І дадае — і гэта нармальна.

Такім чынам Лявончык каментуе словы дарадцы офіса прэзідэнта Украіны Уладзіміра ЗяленскагаАляксея Арастовіча. Падчас інтэрв'ю на Еўрарадыё ён распавёў пра імаверныя прычыны, з якіх Зяленскі не сустракаецца са Святланай Ціханоўскай. Сярод іх і тое, што для Украіны важныя і эканамічныя сувязі з Беларуссю, якія дагэтуль працуюць, вынікае з ягоных словаў.

Якія ж у Лявончыка прэтэнзіі да Украіны, якая знаходзіцца ў стане вайны і чаму яго так абурыла інтэрв’ю Арастовіча на Еўрарадыё? Мы спыталі пра гэта ў эфіры.

Еўропа працягвала гандляваць з Аляксандрам Лукашэнкам і не ўводзіла сур’ёзных санкцый да пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам. Але рабіла сімвалічныя крокі, напрыклад, сустракалася з Ціханоўскай. Афіцыйны Кіеў таксама рабіў сімвалічныя крокі, але менш, кажа ў эфіры Еўрарадыё Аляксей Лявончык.

— Беларусы нікому не патрэбныя. І гэта нармальна. Любы народ нікому не патрэбны, не трэба разганяць гэты наратыў братэрскіх ці самых блізкіх народаў, яго няма. Але ў мяне не было б прэтэнзій да гэтых выказванняў, калі б украінскі істэблішмент не размаўляў пра маральнасць. “Вы не маральныя, таму што купляеце ў Расіі газ, але мы будзем купляць у Беларусі, таму што гэта ў нашых інтарэсах”.

Лявончык кажа, што разумее падыход “гэта рэал палітык”. Але тады, лічыць суразмоўца Еўрарадыё, не варта патрабаваць ад астатніх размаўляць з сабой, сыходзячы з катэгорый маралі.

— Араставіч мог зрабіць проста: прамаўчаць. Не каментаваць гэтае пытанне. Не казаць, што мы будзем гандляваць з людажэрам. Ніхто б яму нічога не закінуў. Ну, прамаўчаў.

Поўную версію размовы з Аляксеем Лявончыкам глядзіце на канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі